Главная Случайная страница


Категории:

ДомЗдоровьеЗоологияИнформатикаИскусствоИскусствоКомпьютерыКулинарияМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОбразованиеПедагогикаПитомцыПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРазноеРелигияСоциологияСпортСтатистикаТранспортФизикаФилософияФинансыХимияХоббиЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у вайне

28 чэрвеня 1942 г. нямецкія войскі перайшлі ў наступленне і прасунуліся на 150-400 км, захапілі Данбас, стварылі непасрэдную пагрозу Паўночнаму Каўказу і Сталінграду.

Сталінградская бітва мела некалькі этапаў. Першы абарончы этап цягнуўся з 17 ліпеня па 18 лістапада. Нягледзячы на жорсткае супраціўленне савецкіх войск, 25 жніўня 1942 г. нямецкая 6-я армія дасягнула заходніх межаў горада.
З паўднёвага захаду прасоўвалася 4-я танкавая армія і румынскія часткі. Савецкае камандаванне праводзіць рэарганізацыю франтоў і перакідвае да Сталінграда стратэгічныя рэзервы –
15 стралковых дывізіі і 3 танкавых корпуса. Зноў ствараліся атрады народнага апалчэння, знішчальныя батальёны. У верасні распачынаюцца жорсткія баі на тэрыторыі горада. 14 кастрычніка пасля чарговага наступлення, нямецкім войскам удалося выйсці да Волгі на невялікім участку фронту каля завода «Барыкады». Але гэта быў іх апошні поспех. У вулічных баях немцы страцілі сваю галоўную перавагу – свабоду манёўру, неслі велізарныя страты. Набліжалася вайна – усё гэта падрывала маральныя здольнасці нямецкіх войск.

Другі этап Сталінградскай бітвы – гэта контрнаступленне савецкіх войск (19 лістапада 1942 г. – 2 лютага 1943 г.), а так сама і аперацыя «Кальцо» па ліквідацыі паланёнай групоўкі праціўніка. Рашэнне аб контрнаступленні было прынята яшчэ ў верасні і рыхтавалася тайна, нават не ўсе члены ДКА аб ім ведалі. Групоўка савецкіх войскаў не нашмат пераўзыходзіла нямецкую, толькі па танках была перавага ў 2,2 разы. Але быў удала выбраны момант наступлення, калі нямецкія войскі яшчэ не здолелі стварыць абаронныя рубяжы, да таго, найбольш баяздольныя дывізіі былі ўцягнутыя ў баі за горад, а флангі прыкрывалі італьянскія і румынскія войскі.


Наступленне пачалося раніцай 19 лістапада 1942 г. з двух напрамкаў і ўжо 23 лістапада 1942 г. войскі самкнуліся каля гарадоў Калач і Савецкі, акружыўшы 330 тыс. чалавек
6-й палявой і 4-й танкавай арміі вермахта.

Для дэблакіравання акружаных нямецкае камандаванне стварыла ўдарную групоўку Гота, якая 12 снежня распачала наступленне на Сталінград. Але гэтая спроба, як і спроба наладзіць «паветраны мост» скончыліся для акружэнцаў безпаспяхова. 10 студзеня пачалося наступленне на акружэнцаў, а 31 студзеня і 2 лютага расчлененыя групоўкі нямецкіх армій капітулявалі. Аперацыя «Кальцо» паспяхова завяршылася. У палон было захоплена 113 тыс. чалавек, у тым ліку 2,5 тыс. афіцэраў і 24 генералы, на чале з камандуючым 6-й арміяй фельдмаршалам Ф.Паўлюсам. На полі бітвы было падабрана каля 140 тыс. салдат і афіцэраў.

Паражэнне пад Сталінградам вызвала глыбокі палітычны крызіс у Германіі. Вера германскага народа, а самае галоўнае, германскага салдата, у перамогу была страчана. Актывізаваўся рух Супраціўлення ў краінах, акупіраваных Германіяй і ў самой Германіі. Пачалася крытыка дзейнасці ваеннага кіраўніцтва, а самае галоўнае – нацысцкай партыі і асабіста фюрэра. У краіне была аб’яўлена трохдзённая жалоба.

Разгром пад Сталінградам вызваў крызіс і ў адносінах паміж саюзнікамі Германіі. Румынія і Венгрыя заклікалі Берлін да заключэння сепаратнага міру з заходнімі краінамі, а Мусаліні наадварот – з СССР. Ён лічыў, што перамагчы Савецкую Расію немагчыма. Турцыя, якая сімпатызавала нямецкім перамогам у 1941 г., імкнулася захаваць нейтралітэт. Змяніліся ўзаемаадносіны паміж СССР, Англіяй і ЗША. Апошнія добра разумелі, што перамога ў Еўропе можа адбыцца і без іх удзелу. Таму з вясны 1943 г. амерыканскі генштаб пачаў, са згоды Ф.Рузвельта, ствараць моцную групоўку ў Англіі.

Перамога мела выключнае значэнне для Савецкага Саюза. Яна паказала насельніцтву – што перамога магчымая, але перамога будзе няскорай і дасягнуць яе магчыма праз вялікія страты. Страты сапраўды былі вялізныя. З 17 ліпеня 1942 г. па
2 лютага 1943 г. у Чырвонай Арміі было забіта 478 тыс. чалавек, паранена 650 тыс. Шмат было страчана тэхнікі – больш 4 тыс. танкаў і 3 тыс. самалётаў, 15 тыс. гармат і мінамётаў.

У Сталінградскай бітве мужна змагаліся нашы землякі. 62-й арміяй камандаваў беларус генерал А.І.Лапацін, намеснікам камандуючага войскамі Сталінградскага і Данскога франтоў быў генерал К.А.Каваленка, 17-й паветранай арміяй камандаваў генерал С.А.Красоўскі, 5-й танкавай арміяй – генерал А.І.Лізікаў (загінуў 27 ліпеня 1942 г.). Стралковымі дывізіямі ў Сталінградскай бітве камандавалі Г.П.Ісакаў, А.І.Пастрэвіч. Штаб 21-й арміі ўзначальваў генерал В.А.Пянькоўскі. У баях за Сталінград званне Героя Савецкага Саюза атрымалі нашы землякі лётчыкі М.І.Абрамчук, Ф.Ф.Архіпенка, Р.В.Ксянзоў, П.Я.Галавачоў.

У працяг Сталінградскай бітвы кардынальных пераменаў дабіліся войскі паўночна-заходняга раёна. 18 студзеня 1943 г. імі была прарваная блакада Ленінграда. У горад пачало паступаць харчаванне для знясіленага насельніцтва. Былі ўзмоцнены войскі Ленінградскага фронту, і стратэгічная ініцыятыва тут канчаткова перайшла да Чырвонай Арміі.

Дзеля стабілізацыі палажэння на ўсходнім фронце немцы ахвяравалі Паўночнай Афрыкай. З Егіпта і Еўропы яны перакінулі 33 дывізіі, 3 брыгады, часткі люфтвафэ. Вясной 1943 г. у выніку моцнага контрудару паўднёвей Харкава немцы занялі абарону. Яны яшчэ ўяўлялі моцную сілу і рыхтаваліся перахапіць ініцыятыву ў Чырвонай Арміі. Кіраўніцтва Германіі вырашыла пачаць летам 1943 г. новае наступленне (аперацыя «Цытадэль»). Рашаючае наступленне павінна было змяніць на карысць Германіі становішча на фронце, падняць маральны дух вермахта і насельніцтва, утрымаць ад развалу фашысцкі блок.

Месцам наступлення быў выбраны Курскі выступ у фронце з савецкага боку. Тут немцамі планавалася нанесці ўдары з боку Арла і Белгарада, акружыць і знішчыць савецкую групоўку. Дзеля гэтага вермахт сканцэнтраваў лепшыя свае часткі, якія налічвалі больш за 900 тыс. салдат і афіцэраў, каля 2700 танкаў, звыш 2 тыс. самалётаў і каля 100 тыс. гармат і мінамётаў. Вялікія надзеі ўскладваліся на самыя новыя танкі T-V «Тыгр», T-VI H «Пантэра», штурмавыя гарматы «Фердынанд», самалёты «Фоке-Вульф-190А» і «Хенкель-129». 15 красавіка 1943 г. Гітлер падпісаў загадна падрыхтоўку аперацыі «Цытадэль».

Савецкае камандаванне своечасова разгадала планы немцаў і вырашыла ў наўмыснай абарончай аперацыі выматаць ударныя групоўкі ворага, а потым перайсці ў наступленне на ўсім паўднёвым участку фронту. На Курскім выступе была пабудавана глыбока эшаланіраваная абарона ў 8 рубяжоў глыбінёй да 300 км. Войскі Цэнтральнага (К.Ракасоўскі) і Варонежскага (Н.Ватуцін) франтоў налічвалі 1337 тыс. чалавек, 3306 танкаў і САУ, каля
20 тыс. гармат і мінамётаў, 2900 самалётаў. Акрамя таго, Стаўка сабрала ў Сцяпным фронце (І.Конеў) вялікія рэзервы – каля
580 тыс. чалавек, 1,5 тыс. танкаў. Каардынавалі дзеянні ад Стаўкі маршалы Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі.

На першым этапе бітвы з 5 па 23 ліпеня 1943 г. Чырвоная Армія вельмі ўдала абаранялася, асабліва на Цэнтральным фронце. Пачалася бітва з масіраванага артылерыйскага абстрэлу нямецкіх пазіцый савецкай артылерыяй, у выніку чаго быў ліквідаваны фактар нечаканасці. Вермахт кінуў на прарыў абароны амаль усе свае сілы. Ужо ў першы дзень у баю ўдзельнічала да 700 танкаў. Нясучы вялікія страты, вораг да
11 ліпеня паглыбіўся на асобных участках Цэнтральнага фронту на 6-12, а Варонежскага фронту на 10-18 км., але мэт сваіх не дасягнуў. 12 ліпеня адбылася досыць буйная танкавая бітва каля Прохараўкі, ў якой удзельнічала каля 1100 танкаў. Сілы вермахта хутка таялі. 17 ліпеня Гітлер аддаў загад перапыніць наступленне.

Другі этап Курскай бітвы – гэта контрнаступленне Чырвонай арміі (з 12 ліпеня па 23 жніўня 1943 г.). У межах стратэгічнага наступлення былі праведзены аперацыі «Кутузаў». Яе сутнасць была ў тым, каб раздрабіць і знішчыць варожую групоўку па частках. Але немцы занялі актыўную мабільную абарону і не дазволілі выканаць задачу. Зноў праціўнік быў недаацэнены. Аперацыя «Румянцаў» прадугледжвала акружэнне і знішчэнне групы армій «Поўдзень». Асабліва жорсткія баі разгарнуліся заходней Харкава, у выніку якіх
23 жніўня горад быў вызвалены, стварыліся ўмовы для далейшага вызвалення Левабярэжнай Украіны і выхаду да Дняпра.

У выніку перамогі вораг канчаткова страціў стратэгічную ініцыятыву. Акрамя таго, вермахт недалічыўся 30 лепшых сваіх дывізій, з іх 7 танкавых. Маральны дух нямецкіх салдат моцна пахіснуўся, бо перамога над СССР стала немагчымай. Але і страты савецкіх войск былі велізарныя. 254,4 тыс. было забіта, 608,8 паранена. Было страчана каля 6 тыс. танкаў, 1600 самалётаў. Страты вермахта ў людзях былі ў 3,5 разоў меншыя. Танкаў яны страцілі 1,3 тыс., самалётаў каля тысячы. Па сутнасці, нашы «геніяльныя» палкаводцы дасягалі перамог крывёй простага салдата.

Дзякуючы поспехам Чырвонай Арміі саюзнікі 10 ліпеня 1943 г. бесперашкодна ажыццявілі захоп вострава Сіцылія. Хутка ў краіне адбудзецца дзяржаўны пераварот і Італія заключыць мір з саюзнікамі. Узмацніліся спробы Венгрыі так сама падпісаць сепаратны мір з Захадам. Восенню 1943 г. іспанскі дыктатар Франка вывеў сваю «Блакітную дывізію» з-пад Ленінграда. Узмацніўся крызіс у адносінах паміж Фінляндыяй і Германіяй.

Пасля паражэння летам 1943 г. гітлераўскае камандаванне аддае загад на стварэнне стратэгічнага абарончага рубяжа – «Усходняга вала»– які меў мэту не пусціць Чырвоную Армію на тэрыторыю Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Са жніўня да снежня 1943 г. Чырвоная Армія, разграміўшы групу армій «Поўдзень», вызваліла палову Украіны і паўднёва-усходнюю частку Беларусі з горадам Гомель.

У ходзе Курскай бітвы актыўную дапамогу савецкім войскам аказвалі партызаны. У тыле нямецкай групы арміі «Цэнтр» на чыгуначных камунікацыях беларускія партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна», у выніку якой яны падарвалі больш за 121 тыс. рэек і пусцілі пад адхон 833 варожыя эшалоны, 184 чыгуначныя масты, чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка. Так, у жніўні 1943 г. перавозкі для групы арміі «Цэнтр» скараціліся на 40%.

Звыш 100 тыс. савецкіх воінаў былі ўзнагароджаны ардэнамі і медалямі, больш за 180 – зоркай Героя Савецкага Саюза. Сярод іх беларусы: старшы лейтэнант А.К.Гаравец, адзіны ў свеце лётчык, які ў адным паветраным баю збіў 9 варожых самалётаў, лётчыкі І.М.Ерашоў, С.А.Карнач, К.А.Шабан, М.І.Альхоўскі, М.К.Шут, танкісты С.І.Чубукоў, В.М.Гінтаўт, пехацінцы Ф.Ф.Бруй, П.І.Шпетны, М.Л.Співак і іншыя.

У баях на Курскай дузе вызначыліся нашы землякі генералы: С.А.Красоўскі – камандуючы 2-й паветранай арміяй, П.П.Корзун – камандуючы 47-й арміяй, камандзіры авіякарпусоў З.А.Каравацкі, А.С.Благавешчанскі, С.Г.Кароль, начальнікі штабоў армій В.А.Пянькоўскі, А.Р.Бацюня, М.Р.Брылёў, А.В.Петрушэўскі і іншыя, камандзіры дывізій І.А.Даніловіч, Д.В.Казакевіч, М.М.Макаўчук, Ф.І.Перхаровіч, І.Я.Малашыцкі, камандзіры танкавых брыгад І.І.Гусакоўскі, П.М.Рудкін, І.І.Якубоўскі, М.Л.Ярмачок і іншыя.

Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі. Праблема другога фронту

Вайна значна паўплывала на міжнародную дзейнасць такой арганізацыі, як Камінтэрн. 22 мая 1943 г. газета «Праўда» апублікавала пастанову Прэзідыўма выканкама Камінтэрна аб самароспуску. Гэта было абгрунтавана тым, што кіраваць рабочым рухам з аднаго цэнтра лічылася немагчымым. Сталін у адказах карэспандэнту агенцтва «Рэйтэр» асабліва ўказаў – што Масква гэтым крокам паказала, што не жадае працягваць палітыку «сусветнай рэвалюцыі». Гэта значна аблягчыла адносіны Савецкага ўрада з краінамі Захаду. Але і камінтэрнаўскія структуры не зніклі – яны былі пераведзены пад крыло адзела міжнароднай інфармацыі ЦК УКП(б).

У 1942 г. савецкі ўрад патрабаваў, каб ўзброеныя сілы ЗША і Англіі правялі ў Заходняй Еўропе аперацыі большага размаху і гэтым прымусілі гітлераўскае камандаванне зняць з савецка-германскага фронту не менш 40 дывізій. Урады абедзвюх краін на словах пагаджаліся, але пад рознымі прычынамі адкладвалі адкрыццё другога фронту ў Еўропе. Так, на сумеснай Англа-амерыканскай канферэнцыі ў Касабланцы ў студзені 1943 г. яны вырашылі галоўны накірунак сваёй дзейнасці перанесці ў Міжземнамор’е і захапіць Сіцылію. У пачатку чэрвеня 1943 г. саюзнікі афіцыйна давялі да Масквы тое, што другі фронт у
1943 г. адкрыты не будзе. Сталін адказаў, што давер СССР да саюзнікаў знаходзіцца пад пагрозай. Аднак пасля перамогі пад Курскам Чырвонай Арміі заварушыліся памочнікі Ф.Рузвельта. Яны лічылі, што прэстыж СССР у выніку аднаасобнай перамогі над Германіяй не дазволіць ЗША дыктаваць умовы пасляваеннага светапарадку. На англа-амерыканскай канферэнцыі ў Квэбэке ў жніўні 1943 г. згадзіліся на правядзенне аперацыі «Аверлорд» – фарсіравання Ла-Манша 1 мая 1944 г. А далей, у лістападзе
1943 г. Ф.Рузвельт нават будзе патрабаваць таго, каб штурм Берліна быў праведзены амерыканскімі войскамі.

Вызначанасць з тэрмінамі адкрыцця другога фронту палепшыла адносіны паміж СССР, Англіяй і ЗША. Склаліся магчымасці да сумеснай сустрэчы трох лідэраў кааліцыі.
У кастрычніку 1943 г. у Маскве прайшла канферэнцыя міністраў замежных спраў, на якой быў падпісаны пратакол, пацвярджаючы намеры саюзнікаў адкрыць другі фронт і разгледжаны пытанні, якія выносіліся на сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў. Была падпісана «Дэкларацыя чатырох дзяржаў па пытанню аб усеагульнай бяспекі», якую ад імя гаміньданаўскага ўрада падпісаў пасол Кітая ў Маскве. Такім чынам гэтая краіна надзялялася статусам вялікай дзяржавы.

Цегеранская канферэнцыя, на якой упершыню сустрэліся Ф.Рузвельт, У.Чэрчэль і І.Сталін прайшла з 28 лістапада па
1 снежня 1943 г.
У 1943 г. ужо бачная была перспектыва перамогі. Для гэтага важна было разам з ЗША і Англіяй прыступіць да падрыхтоўкі планаў пасляваеннага ўрэгулявання.

На канферэнцыі былі прыняты такія важныя рашэнні, як «Дэкларацыя аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фашысцкай Германіі і аб пасляваенным супрацоўніцтве», ухвалена дэкларацыя аб прынцыпах «усеагульнай бяспекі». Былі ўхвалены таксама такія важныя рашэнні, як патрабаванне «безагаворачнай капітуляцыі Германіі», аб аднаўленні незалежнасці Аўстрыі, аб адказнасці нямецкіх ваенных злачынцаў і іншыя. Сталін спачатку згадзіўся с прапановай саюзнікаў аб расчляненні Германіі на асобныя дзяржавы, але да 1945 г. змяніў сваё рашэнне. Савецкі лідар паабяцаў уступіць у вайну супраць Японіі пасля капітуляцыі Германіі, але на ўмовах, якія падлягалі вызначэнню ў далейшым.

Канчаткова было прынятае рашэнне пачаць аперацыю «Аверлорд»адкрыццё другога фронту ў Еўропе ў маі 1944 г. СССР абавязаўся ў момант высадкі саюзнікаў правесці буйнамаштабную наступальную аперацыю.

Шмат крыві савецкаму лідэру папорціла «польскае пытанне». Да гэтага часу адносіны паміж польскім урадам у эміграцыі (дакладней, у Лондане) і Масквой былі разарваныя па прычыне абнародавання немцамі факту расстрэлу савецкімі ўладамі пад Катынью тысяч польскіх афіцэраў. Да гэтага адносіны складваліся адносна добра, на тэрыторыі СССР нават быў створаны з палонных салдатаў польскай арміі корпус генерала Андэрса колькасцю каля 75 тыс.чалавек, які потым змагаўся ў Афрыцы і Італіі. У.Чэрчыль прапанаваў правесці ўсходнюю мяжу Польшчы па лініі Керзана, але далучыць да яе тэрыторыю Усходняй Прусіі – супраць чаго выступіў Сталін. Таму пытанне аб польскай мяжы было перанесена на далейшыя сустрэчы. Гэта яшчэ больш абвастрыла савецка-польскія супярэчнасці.

Цегеранская канферэнцыя мела надзвычай вялікае палітычнае значэнне. Яна знаменавала вышэйшую ступень у развіцці адносін унутры антыфашысцкай кааліцыі – была створана так званая «Вялікая тройка», існаванне якой гаварыла пра блізкія адносіны паміж лідэрамі свету. Цегеранская «Дэкларацыя трох дзяржаў аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фашысцкай Германіі і пасляваенным супрацоўніцтве» паказала ўсяму свету паслядоўнасць намераў саюзнікаў на поўную перамогу і абадзёрыла Чырвоную Армію, якая, па словах Сталіна, пачала стамляцца ад аднаасобнай барацьбы з Германіяй.

Вынікі: у канцы 1942 – 1943 гг. канчаткова была парушана мара германскага кіраўніцтва аб сусветным панаванні і аб перамозе над СССР. Вызначальныя перамогі Чырвонай Арміі пад Сталінградам і Курскам, зняцце блакады Ленінграда і пачатак вызвалення Украіны падштурхнулі саюзнікаў да больш актыўных дзеянняў па падрыхтоўцы адкрыцця другога фронту і вымусіла ісці на кантакты з кіраўніцтвам СССР у пытаннях пасляваеннага светапарадку. Гэта гаворыць аб тым, што менавіта СССР з’яўляецца галоўным фактарам дасягнення карэннага пералому ў вайне з гітлераўскай Германіяй і яе саюзнікамі.

Кантрольныя пытанні да тэмы №8

1. Чаму перамогі саюзнікаў на Ціхім акіяне і ў Паўночнай Афрыцы не можна лічыць паваротам у лёсе Другой сусветнай вайны?

2. Якія мэты на лета-восень 1942 г. ставіліся перад германскімі войскамі на рускім фронце?

3. Якія падзеі суправаджалі выданне загада №227 «Ні шагу назад!» у савецкай арміі?

4. Якія этапы мае Сталінградская бітва? Як складваліся падзеі пад час кожнага з этапаў?

5. Якія міжнародныя вынікі мела перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам? Якія вынікі перамога мела для салдат і насельніцтва СССР?

6. Чаму менавіта пад Курскам Германія намеціла буйную наступальную аперацыю?

7. Якая стратэгія была абрана савецкім камандаваннем у Курскай бітве?

8. Як вырашаўся лёс другога фронту ў Еўропе? Чаму толькі восенню 1943 г. было прынятае канчатковае рашэнне аб правядзенні дэсантнай аперацыі ў Паўночнай Францыі?

9. Якія пытанні разглядаліся на Цегеранскай канферэнцыі? Чаму гэтая канферэнцыя мела вялізарны палітычны ўплыў на міжнародныя адносіны?


ТЭМА 9. ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСІ АД ГЕРМАНСКІХ ЗАХОПНІКАЎ

Лекцыя 10. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў

Асноўныя паняцці:

Смаленская аперацыя; Камарын; Беларускі фронт; Гомельска-Рэчыцкая аперацыя; Калінкавіцка-Мазырская аперацыя; 1-ая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі; этапы аперацыі «Баграціён»; сістэма абароны «Фатэрлянд»; 1-ы, 2-гі і 3-і Беларускія франты; 1-ы Прыбалтыйскі фронт; «кацёл»; авіяполк французскіх лётчыкаў «Нармандыя»; трэці этап «рэйкавай вайны»; дзяржаўныя ваенныя пазыкі; прызыў у Чырвоную Армію; партызанскі парад; канверсія; рэшткавы прынцып дапамогі лёгкай прамысловасці; калгасная сістэма; трохгадовы план развіцця грамадскай жывёлагадоўлі.

Пачатак вызвалення Беларусі

Разгром нямецкіх войскаў летам 1943 г. на Курскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ўжо ў верасні 1943 г. распачаць шырокамаштабную аперацыю па вызваленню Украіны і Беларусі. 23 верасня 1943 г. часці 15-га стралковага корпуса Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі ад нямецкіх акупантаў першы раённы цэнтр Палескай вобласці – гарадскі пасёлак Камарын. 20 воінам, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А праз некалькі дзён злучэнні 65-й арміі на ўчастку Карповічы-Уборкі фарсіравалі раку Сноў і з баямі 27 верасня вызвалілі райцэнтр Церахоўка Гомельскай вобласці.

У ходзе правядзення Смаленскай аперацыі войскі Заходняга і Бранскага франтоў 26 верасня ўступілі на зямлю Беларусі і вызвалілі раённы цэнтр Хоцімск Магілёўскай вобласці, а праз два дні Мсціслаў. 29 верасня войскі 50-й арміі Бранскага фронту авалодалі г. Крычавам. 1 кастрычніка былі вызвалены райцэнтры Магілёўскай вобласці Чэрыкаў і Краснаполле.

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання паставіла задачу перад войскамі Калінінскага, Заходняга і Цэнтральнага (з 20 кастрычніка 1943 г. Беларускага) франтоў – разграміць нямецкую армейскую групоўку «Цэнтр» і вызваліць ад ворага ўсю тэрыторыю Беларусі. У Стаўцы меркавалі, што вермахт летам 1943 г. панёс вялікія страты, канчаткова дэмаралізаваны і таму не зможа стрымаць наступлення Чырвонай Арміі. Аднак вермахт восенню 1943 г. паказаў, што яшчэ не страціў сваёй баяздольнасці.

6 кастрычніка 1943 г. пачалося наступленне савецкіх войскаў на Віцебскім напрамку. Ужо на другі дзень часці 3-й і 4-й савецкіх армій вызвалілі ад немцаў Невель і 320 іншых населеных пунктаў. Аднак замацаваць свой поспех яны не здолелі. Германскае камандаванне перакінула ў раён Гарадка з іншых участкаў фронту 7 пяхотных і 1 танкавую дывізіі. Наступленне было спынена. Гарадоцкая наступальная аперацыя была адноўлена толькі ў снежні 1943 г. Гарадок быў вызвалены 24 снежня 1943 г. часцямі 11-й гвардзейскай і 43-й армій. Вялікімі былі страты войскаў Калінінскага фронту. На Віцебскім напрамку ў кастрычніку-снежні 1943 г. яны склалі 169 тыс. чалавек.

У асенне-зімовай кампаніі 1943-1944 гг. войскі Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К.К. Ракасоўскі) удала правялі Гомельска-РэчыцкуюіКалінкавіцка-Мазырскую аперацыі, у выніку якіх 18 лістапада 1943 г. быў вызвалены горад Рэчыца, 26 лістапада Гомель і 14 студзеня 1944 г. Мазыр. На поўдні рэспублікі войскі Беларускага фронту прасунуліся больш як на 200 кіламетраў у глыб варожай абароны ў паласе шырынёй звыш 100 кіламетраў. У той самы час савецкія войскі вызвалілі яшчэ некалькі раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

У баях за вызваленне Беларусі ўдзельнічала і 1-ая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі пад камандаваннем палкоўніка З.Берлінга, сфарміраваная на тэрыторыі СССР. Першы бой яна правяла 12 кастрычніка 1943 г. пад мястэчкам Леніна каля Горак. У гэтым баі зараджалася савецка-польская садружнасць.

Восенню і зімой 1943-1944 г. войскі Чырвонай Арміі поўнасцю ці часткова вызвалілі 36 раёнаў нашай рэспублікі,
36 райцэнтраў і два абласных цэнтры – Гомель і Мазыр. Яны занялі зручныя пазіцыі, з якіх летам 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Наступленне савецкіх войск на беларускай зямлі праходзіла ва ўмовах усеагульнай падтрымкі і дапамогі з боку партызан і ўсяго насельніцтва рэспублікі.

Першыя аднаўленчыя мерапрыемствы

26 лістапада войскі Беларускага фронту вызвалілі першы абласны цэнтр Беларусі – Гомель, куды адразу ж пераехалі ЦК КП(б)Б, урад Беларусі і БШПД. Урад Беларусі адпаведна з пералікам распрацаваных у Маскве першачарговых мерапрыемстваў па аднаўленні народнай гаспадаркі і культуры ў вызваленых раёнах прымае праграму сваіх канкрэтных дзеянняў. Яна была зацверджаная VІ сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якая адбылася 21-24 сакавіка 1944 г. у Гомелі. У першую чаргу аднаўляліся прадпрыемствы і галіны народнай гаспадаркі, важныя для забеспячэння арміі.

Працоўныя вызваленай часткі Беларусі самаадданай працай дапамагалі ўсімі сіламі і сродкамі фронту. Аднаўляліся прамысловыя прадпрыемствы, якія забяспечвалі патрэбы фронту, чыгункі, шашэйныя масты, узлётна-пасадачныя пляцоўкі палявых аэрадромаў, адбудоўвалася разбуранае жыллё. Вясной 1944 г. ужо працавала больш як 100 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх былі занятыя больш за 40 тыс. рабочых. Асаблівая ўвага ўдзялялася аднаўленню чыгункі. У лютым на яе аднаўленні ў вызваленых раёнах працавала больш за 5 тыс. чалавек, і да чэрвеня яна ў асноўным была адноўлена.

Шырока разгарнуліся работы па аднаўленню разбуранага жылога фонду. Аднаўлялася сістэма аховы здароўя. Шырокі размах атрымала шэфства працоўных калектываў над вайсковымі шпіталямі і патрыятычны рух донараў. Дзяржава адразу стала праяўляць клопат аб дзецях, якія засталіся без бацькоў. У чэрвені 1944 г. ужо працавала 37 дзіцячых дамоў, у якіх выхоўвалася больш за 3700 дзяцей. Аднаўлялася сістэма адукацыі. У чэрвені 1944 г. у вызваленчых раёнах працавалі 1458 школ, вучобай было ахоплена каля 150 тыс. дзяцей. 1 кастрычніка 1943 г. на станцыі Сходня пад Масквой аднавіў работу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Вялікае значэнне для савецкага ўрада мела ідэалагічная праца сярод вызваленага насельніцтва. Галоўнымі праваднікамі савецкай прапаганды павінны былі стаць дамы культуры, бібліятэкі, кінаўстаноўкі. Менавіта там паказвалі дакументальныя кінастужкі, выпісвалася савецкія газеты і часопісы. Да чэрвеня 1944 г. былі адноўлены 24 дамы культуры, 503 хаты-чытальні,
44 гарадскія і раённыя бібліятэкі і абласная бібліятэка ў Гомелі.
У лістападзе 1943 г. аднавіла работу кінасетка рэспублікі.
У вызваленых раёнах працавала 54 кінаўстаноўкі, 9 кінатэатраў, звыш 5 тыс. радыёкропак.

Последнее изменение этой страницы: 2016-08-11

lectmania.ru. Все права принадлежат авторам данных материалов. В случае нарушения авторского права напишите нам сюда...