Главная Случайная страница


Категории:

ДомЗдоровьеЗоологияИнформатикаИскусствоИскусствоКомпьютерыКулинарияМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОбразованиеПедагогикаПитомцыПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРазноеРелигияСоциологияСпортСтатистикаТранспортФизикаФилософияФинансыХимияХоббиЭкологияЭкономикаЭлектроника






Перавод эканомікі СССР на ваенны лад

Барацьба з германскай агрэсіяй ішла не толькі на франтах, але і ў тыле Чырвонай Арміі. Важнасць гэтай працы вельмі добра ўсведамляла кіраўніцтва СССР, якое шмат намаганняў выкарыстала для забеспячэння фронту ўсім неабходным: узбраеннямі, ваеннай тэхнікай, боепрыпасамі, палівам, а таксама харчаваннем, абуткам, адзеннем і шмат чым іншым. Нягледзячы на цяжкасці вайны, людзі здолелі закласці ў савецкім тыле падмурак ваеннай перамогі над Германіяй.

Ваенная акупацыя Германіяй заходніх рэгіёнаў СССР паставіла савецкую гаспадарку краіны ў надзвычай складаныя ўмовы. Пад акупацыяй апынулася каля 40% насельніцтва, трэць прамысловасці і вялікія, да паловы, сельскагаспадарчыя актывы. 30 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП (б) і СНК СССР прымаюць мабілізацыйны народна-гаспадарчы план на ІІІ квартал 1941 г. які павінен быў перавесці эканоміку цалкам на ваенныя рэйкі. Аднак гэты паварот не ўдалося здзейсніць у дастатковай меры па прычыне таго, што ў першыя месяцы вайны краіна панесла велізарныя матэрыяльныя і людскія страты.

Усходнія раёны СССР – асноўная ваенна-прамысловая база

Страта эканамічнага патэнцыялу на захадзе краіны, прывяла да пераўтварэння Урала, Заходняй Сібіры і Сярэдняй Азіі ў асноўную базу ваеннай эканомікі СССР. Сюды за ліпень-снежань 1941 г. былі эвакуіравана 2593 прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку 1523 буйныя. З тэрыторыі Беларусі ва ўсходнія раёны краіны было адпраўлена абсталяванне і кадры 124 буйных прамысловых прадпрыемстваў. Тым не менш, у канцы 1941 г. адбылося крытычнае падзенне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці. Больш падрабязна глядзіце аб рэарганізацыі прамысловасці і гаспадарчай дзейнасці ў тэме 5.

Наступальныя аперацыі Чырвонай Арміі патрабавалі ўсё большых паставак ваеннай тэхнікі. Пастаўкі стрымліваліся з-за таго, што не хапала паліва, электраэнергіі, металу. Асабліва вострай стала гэтая праблема да канца 1942 г. У выніку ДКА прыняў шэраг рашэнняў накіраваных на павышэнні здабычы вуглю ў раёнах Кузбаса, Урала, Падмаскоўя. У 1943 г. з-за баёў на Каўказе, знізіла здабычу нафтаздабываючая прамысловасць, але вытворчасць бензіну вырасла на 10%, а дызпаліва ў 2,3 разы. У дапамогу бакінскаму нафтаваму раёну хутка развіваўся Урала-Волжскі нафтавы раён. У 1943 г. павялічылася выпрацоўка электраэнергіі, прычым амаль палову энергіі давалі электрастанцыі Урала і Заходняй Сібіры. На працягу 1943 г. былі вырашаны праблемы, звязаныя з недахопам металу, электраэнергіі і паліва. Былі вынайдзены новыя дакладныя тэхналогіі і формы арганізацыі працы. Так, патокавы метад дазволіў на авіяматорных заводах павялічыць паказчыкі па вытворчасці працы на 25%. У выніку ў 1943 г. прамысловасць дала фронту 35 тыс. самалётаў ці на трэць больш за 1942 г. Пачаўся выпуск новых мадыфікацый самалётаў – знішчальнікаў Ла-5 ФН, Як-9, двухмеснага штурмавіка Іл-2 і інш.

Хутчэй за ўсё развівалася танкабудаўніцтва. Тут упершыню быў выкарыстаны метад адліўкі вялікіх стальных дэталяў у металічных формах, што дазволіла знізіць працаёмкасці і павялічыць вытворчасць працы ў 3 разы! Шэраг заводаў выкарыстоўваў больш перадавы метад штампоўкі дэталяў замест ліцця і коўкі. Ручная зварка карпусоў была заменена на аўтаматычную па метаду акадэміка Е.Патона.

У верасні 1943 г. танкабудаўнікі пачалі пастаўляць на фронт новы цяжкі танк ІС- ці Іосіф Сталін. Канструктар Ж.Коцін дастойна адказаў на з’яўленне ў немцаў «Тыграў» і «Пантэр».
У пачатку 1943 г. на фронт так сама пайшлі першыя самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі САУ-122, а крыху пазней – ІСУ-152 і ІСУ-122. Спыніўся ў 1943 г. выпуск лёгкіх танкаў, за кошт гэтага колькасць танкаў, якія былі прадстаўленыя фронту ў гэтым годзе крыху скарацілася ў параўнанні з 1942 г. У 1943 г. вырасла колькасна і якасна вытворчасць стралковай зброі. Асаблівая ўвага надавалася выпуску аўтаматычнай зброі – пісталетам-кулямётам і кулямётам.

Рост ваеннага патэнцыялу абапіраўся на адпаведную сістэму фінансавання. Але ў СССР не было такіх магчымасцяў, як у Германіі, якая абрабавала і працягвала рабаваць захопленыя краіны Еўропы. Асноўнай крыніцай фінансавання вайны ў СССР становіцца падатковая сістэма і ўнутраныя дзяржаўныя заёмы, а так сама банальная эмісія грошаў. У 1944 г. доля прамых ваенных выдаткаў складала 58% дзяржаўнага бюджэту. Рэзка абясцэньваліся грошы, што цяжка ўдарыла па простым грамадзянам. З 1942 г. быў уведзены ваенны падатак, які распаўсюджваўся на гарадское і на сельскае насельніцтва, на іждзевенцаў, ваеннаслужачых тылавых частак. За гады вайны па яму сабралі 72,1 млрд. рублёў. З чатырох ваенных займаў паступіла ў бюджэт 89,7 млрд. рублёў. Да таго, урад «замарозіў» уклады насельніцтва ў ашчадных касах.

Сярэдні заробак да канца вайны склаў прыблізна ад 270 рублёў у гандлі да 470 рублёў у прамысловасці і 525 на чыгунцы. Адначасова кошты на харчаванне ў нарміраваным гандлі былі наступныя – 1 руб. за 1 кг хлеба, 12 руб за 1 кг мяса, 25 – за 1 кг масла. Рынкавыя кошты былі значна вышэйшыя – да 130 руб за 1 кг мукі, 230 руб за 1 кг мяса, 150 руб за 1 дзесятак яек.

Рэсурсы дзяржавы ў сферы забеспячэння былі вельмі абмежаванымі, таму былі вызначаны катэгорыі асоб, якія забяспечваліся ў першую чаргу, і перш за ўсё гэта былі ваенныя і рабочыя ВПК. У выніку акупацыі былі страчана 47,1% плошчаў, занятых пад пасевамі зерневых і тэхнічных культур. Увогуле па краіне ў 1941 г. валавы збор зерня склаў толькі 57,9% у параўнанні за 1940 г. Вёска аддала фронту значную частку сваіх рабочых рук. Колькасць працаздольных мужчын на сяле да канца 1942 г. скарацілася на 60%. Заставаліся інваліды, хворыя, не прыдатныя да ваеннай службы, старые і падлеткі. Месца прызваных у Чырвоную Армію мужчын занялі жанчыны, падлеткі, пенсіянеры і інваліды. У сувязі з недахопам працоўных рэсурсаў на сяле да выканання сельскагаспадарчых работ прыцягвалася працоўнае насельніцтва гарадоў, частка служачых, навучэнцы старэйшых класаў, студэнты тэхнікумаў і ВНУ
(у 1942 г. – каля 2 млн. чалавек).

Значна знізіліся даходы сялянскіх сем’яў нават у параўнанні з цяжкімі 30-мі гадамі. Галоўную частку даходаў яны атрымлівалі ад асабістых гаспадарак, бо калгасы амаль нічога не плацілі. Але і гэтая прадукцыя прадавалася, каб сплаціць дзяржпадаткі і падпісацца на абавязковыя дзяржзаймы. У дадатак, сялянскі двор павінен быў выканаць і натуральны дзяржпадатак – гэта абавязковыя пастаўкі зерня, мяса, малака і г.д. Кошты такіх дзяржзакупак былі сімвалічнымі. Ураджайнасць зерневых культур знізілася амаль удвая – з 8,6 да 4,4 ц на гектар. У 1942 г. удалося сабраць толькі 25 млн. т зерня. Колькасць статку кароў скарацілася напалову, значна зменшыліся надоі малака. Між тым фронт патрабаваў харчавання, а прамысловасць сыравіны.

На патрэбы арміі былі перададзены аўтамабілі, трактары, коні, якіх на вёсцы заставалася ўсё меней і меней. Новыя пастаўкі тэхнікі для сельскай гаспадаркі спыніліся, і каля 80% работ прыходзілася весці ў ручную.

За гады вайны скарацілася вытворчасць прадметаў спажывання. Галоўным чынам яны накіроўваліся на патрэбы фронту. Узнік дэфіцыт амаль на ўсё, што парадзіла шырокае распаўсюджанне спекуляцыі, на якой нажылі вялікія капіталы пэўныя «дзяльцы». Ва ўмовах карткавай сістэмы і татальнага дэфіцыту шырокія памеры набыў менавы гандаль.

Дапамога СССР па ленд-лізу

Для Савецкага Саюза досыць вялікае значэнне мела дапамога, якую аказалі саюзнікі па лініі ленд-ліза. Пры гэтым саюзнікі мелі вельмі прагматычныя і карыслівыя мэты – недапусціць выхаду СССР з вайны з Германіяй, але і не дапусціць вялікага перавесу Чырвонай Арміі над вермахтам.

Агульны аб’ём паставак ацэньваецца ў суму 11,3 млрд. даляраў, з іх 10 – з ЗША, астатняе – з Англіі. Пры гэтым трэба адзначыць, што прыкладна 12% грузаў так і не дайшло да савецкіх партоў. Усе грузы склалі каля 4% валавой вытворчасці СССР і гэта вельмі нязначная лічба, але па некаторых паказчыках дапамога была значная.

Так, прыкладна 25% грузаў – гэта прадукты харчавання, што вельмі важна было ва ўмовах вострага харчовага крызісу ў СССР. Саюзнікі паставілі каля 70% усіх аўтамабіляў, якія выкарыстоўваліся ў СССР, 12% танкаў, каля 20% франтавых знішчальнікаў. А дэсантныя судны, некаторыя віды радыёлакацыйнай і гідраакустычнай тэхнікі ў СССР нават не выпускаліся. Пастаўляліся так сама тэхналагічныя лініі, дакладныя станкі, стратэгічная сыравіна, якой не меў Савецкі Саюз. Каля паловы грузаў – 47% паступала праз Ціхі акіян і яшчэ па чвэрці ішло паўночным марскім шляхам і паўднёвым – праз Мурманск і Персідскі заліў. 11 мая 1945 г. прэзідэнт Г.Трумэн перапыніў пастаўкі СССР у сувязі з заканчэннем вайны ў Еўропе.

Значэнне паставак па ленд-лізу для Савецкага Саюза было вялікім, асабліва ў галіне паставак прамысловага абсталявання і аўтамабіляў. Але перабольшваць яго значэнне, як гэта робіцца на Захадзе, не трэба. Адсутнасць дапамогі ад саюзнікаў пагоршыла б становішча насельніцтва СССР, і паўплывала б на працягласць вайны ў бок павелічэння яе працягласці, але перамога ўсё роўна прыйшла б на нашу зямлю.

Працоўны подзвіг савецкага народа

Вайна мабілізавала працаўнікоў савецкага тылу, якія таксама адчувалі сябе ўдзельнікамі вялікай бітвы за свабоду сваёй Айчыны. У лютым 1942 г. Прэзідыум ВС СССР выдаў Указ «Аб мабілізацыі працаздольнага гарадскога насельніцтва для работы на вытворчасці і ў будаўніцтве на перыяд ваеннага часу». Мабілізацыі падлягалі мужчыны ад 16 да 55 гадоў і жанчыны ад 16 да 45 гадоў з ліку не занятых у дзяржаўных установах і на прадпрыемствах. Для большасці жыхароў дэвізамі працоўнай дзейнасці сталі «Усё – для фронту, усё – для перамогі над ворагам!». Дасягненні савецкай эканомікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі б немагчымы без працоўнага гераізму савецкіх людзей.

Энтузіязм панаваў у працоўных калектывах, асабліва з пачаткам перамог на фронце. Шырока выкарыстоўваліся пачыны, якія дазвалялі значна павялічыць вытворчасць працы, эканоміць матэрыяльныя рэсурсы, павялічваць выпуск прадукцыі. Сярод іх найбольш значнымі з’яўляліся ўсесаюзныя сацыялістычныя спаборніцтвы, рух шматстаночнікаў, рух за сумяшчэнне сумежных прафесій, рух рацыяналізатараў і вынаходнікаў, рух тысячнікаў, рух ударнікаў і камсамольска-маладзёжных брыгад і інш. У сельскай гаспадарцы аднавілася спаборніцтва жаночых трактарных брыгад. На транспарце шырокае распаўсюджанне атрымалі пачыны, накіраваныя на эканомію паліва і выкарыстанне яго малакаларыйных сартоў, правядзенне бягучых рамонтаў транспарту сваімі сіламі і г.д. Шырокія памеры набыў рух за выпуск звышпланавай прадукцыі. У 1943 г. пачынаецца рух маладзёжных брыгад за паляпшэнне якасці, выкананне і перавыкананне плана. Дзякуючы гэтаму ў 1943-1945 гг. значна павялічыўся выпуск не толькі прамысловай прадукцыі, колькі баявой тэхнікі, узбраенняў і боепрыпасаў, адбывалася бесперапыннае ўдасканаленне танкаў, гармат, самалётаў.

Узніклі пачыны дабравольных адлічэнняў ва ўсялякія абарончыя фонды. З ліпеня 1941 г. па пачыну маскоўскага завода «Чырвоны пралетарый» усе працуючыя пачалі штомесячна адлічваць у Фонд абароны частку свайго заробку, а калгаснікі – частку працадзён. У фонд паступіла да сакавіка 1942 г. больш за
4 млрд. руб., каля 8 тон серабра, 90 кг золата. Ад калгасаў і калгаснікаў паступілі дзесяткі тысяч тон харчавання. Перад зімой 1941 г. насельніцтва перадало Чырвонай Арміі 1175 тыс. пар валёнак, 500 тыс. кажухоў і звыш 4,5 млн. іншых цёплых рэчаў. І гэта ва ўмовах значнага зніжэння ўзроўню ўласнага спажывання, пастаяннага недахарчавання.


Сітуацыя з кадрамі абвастралася таму, што ў армію было мабілізавана шмат кваліфікаваных рабочых, а велізарныя страты ў Чырвонай арміі патрабавалі пастаяннага папаўнення войска. Як вынік – значна скарацілася колькасць рабочых і служачых, занятых ў вытворчасці. Калі да вайны колькасць рабочых і служачых складала амаль 34 млн. чалавек, дык у канцы 1942 г. толькі 18,5 млн., прычым прыкладна трэцяя частка занятых прыпадала на жанчын і падлеткаў. Рабочых рук катастрафічна не хапала, не гледзячы на вельмі жорсткую кадравую палітыку. Тым не менш, прынятыя мабілізацыйныя меры знаходзілі падтрымку і паразуменне. Ва ўмовах ваеннай пагрозы грамадзяне краіны былі гатовы працаваць без сну і адпачынку, выконваючы і перавыконваючы працоўныя нормы ў 2, 3, 5, 10 і больш разоў.

Своеасаблівым подзвігам была праца савецкіх канструктараў, якія стварылі лепшыя ўзоры ўзбраенняў у гады вялікай Айчыннай. Шмат хто з іх вымушаны быў працаваць у так званых «шаражках» – лагерных канструктарскіх бюро, у няволі. Але яны добра ведалі, што працуюць не на асобу, а дзеля свабоды свайго народа.

Выдатныя дасягненні былі ў авіябудаўніцтве. Канструктар С.У.Ільюшын стварыў унікальныя браніраваныя штурмавікі Іл-2, Іл-8, Іл-10. Канструктары У.М.Петлякоў і А.М.Тупалеў стварылі пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі Пе-2 і
Ту-2, якія пераўзыходзілі знакамітыя нямецкія «Хейнкелі» і «Юнкерсы». Знішчальнікі Як-7 А.С.Якаўлева і Ла-5 С.А.Лавачкіна панавалі ў паветры ў канцы вайны.

Панічны жах наводзіла на нямецкіх салдат устаноўка рэактыўных мінамётаў – «кацюш». У 1942 г. савецкая прамысловасць выпусціла 3237 такіх установак, што дазволіла камплектаваць «гвардзейскія мінамётныя часці» пры Стаўцы Галоўнага Камандавання. Лепшым танкам 2-й сусветнай вайны лічыцца Т-34, створаны М.І.Кошкіным, галоўным канструктарам танкавага КБ на Харкаўскім заводзе.

І шмат, шмат прозвішчаў можна прывесці. Гэта і стваральнікі аўтаматычнай стралковай зброі, гармат, падводных лодак, мінамётаў і г.д. Каб пералічыць усіх герояў-інжэнераў і канструктараў, не хопіць усіх старонак гэтага падручніка.

Последнее изменение этой страницы: 2016-08-11

lectmania.ru. Все права принадлежат авторам данных материалов. В случае нарушения авторского права напишите нам сюда...