Главная Случайная страница


Категории:

ДомЗдоровьеЗоологияИнформатикаИскусствоИскусствоКомпьютерыКулинарияМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОбразованиеПедагогикаПитомцыПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРазноеРелигияСоциологияСпортСтатистикаТранспортФизикаФилософияФинансыХимияХоббиЭкологияЭкономикаЭлектроника






Палітычная агітацыя і прапаганда

Вялікая Айчынная вайна была так сама і ідэалагічнай вайной, вайной супраць нацысцкай антычалавечай ідэалогіі. Менавіта ў ваенныя гады камуністычная ідэалогія змагла паказаць сваю жыццяздольнасць і пашырыць уплыў сярод савецкага народа.

Важную ролю ў ідэалагічнай працы выконвае сістэма інфармавання аб падзеях у грамадстве, дзяржаве, на франтах.
24 чэрвеня 1941 г. было ўтворана Савецкае Інфармацыйнае Бюро, якое за гады вайны выдала звыш 2,5 тыс. зводак. Трэба адзначыць, што ў першыя месяцы праца Саўінфармбюро не карысталася даверам сярод насельніцтва, бо пад час адступленняў яно выдавала звычайную фразу – «...на франтах без перамен...» – што не адпавядала рэчаіснасці і так нараджала вялікую колькасць слухаў. Але з пачаткам этапу перамог Чырвонай Арміі давер да зводак значна падымаецца, і дзейнасць гэтага органа становіцца важным фактарам унутранай палітыкі.

Моцнымі ідэалагічнымі рычагамі былі кіно, друк, радыё, наглядная агітацыя. Не здарма ў самыя цяжкія дні для СССР, у лістападзе 1941 г., быў праведзена ваенны парад на Краснай плошчы. Галоўная яго мэта – разысціся ў выглядзе шматтысячных копій дакументальных стужак па Савецкаму Саюзу і падняць баявы дух у арміі і тыле. Кінапракат выканаў сваю задачу на выдатна.

У 1944-1945 гг. ЦК ВКП(б) прыняў шэраг важных пастаноў па ідэалагічных пытаннях, у якіх патрабаваў ад работнікаў тэарэтычнага фронту ліквідаваць недахопы ў навуковай працы, шчыльней звязваць свае даследаванні з задачамі, якія стаялі перад савецкім народам.

Вялікая ўвага надавалася масава-палітычнай і ідэалагічнай рабоце сярод насельніцтва раёнаў, вызваленых ад германскіх захопнікаў. Своечасовае інфармаванне насельніцтва вызваленых раёнаў з’яўлялася важнейшай умовай паспяховай мабілізацыі працоўных на аднаўленне гаспадаркі, разбуранай у гады акупацыі, і хутчэйшую ліквідацыю наступстваў акупацыі.
У жніўні 1944 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову «Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП (б) Беларусі ў вобласці масава-палітычнай і культурна-прасветнай работы сярод насельніцтва».

Але партыя выкарыстала не толькі рэзервы камуністычнай ідэалогіі. Значна паслаблены быў ўціск на веруючую частку насельніцтва і на царкоўную структуру Рускай Праваслаўнай Царквы. Гэта стала вынікам таго, што кіраўніцтва царквы заняла патрыятычную пазіцыю і цалкам выказалася ў падтрымку савецкага ўраду. Царква распачала збор сродкаў для арміі.

У лютым 1943 г. І.Сталін і кіраўнік царкоўнай адміністрацыі мітрапаліт Сергій абмяняліся пасланнямі, а 4 верасня адбылося неверагоднае – Сталін прыняў дэлегацыю РПЦ. У выніку сустрэчы іерархі дабіліся галоўнага – дазволу на скліканне сабора і выбары патрыярха і аднаўленне дзейнасці Свяшчэннага Сіноду. Дазвол царква атрымала на адкрыццё навучальных устаноў – акадэміі і семінарый, а так сама на друкаванне літаратуры.
8 верасня 1943 г. адбыўся сабор, на якім быў абраны патрыярх, а так сама рэзка асуджана палітыка супрацоўніцтва святароў з акупантамі. 8 кастрычніка быў створаны Савет па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры Саўнаркоме СССР. Пачалі адчыняцца для службы храмы, вызваляліся з лагероў выжыўшыя святары, крыху прыціхае «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў». Царкоўныя ўстановы і манастыры атрымліваюць правы юрыдычных асобаў.

У адказ царква распачынае збор сродкаў на фарміраванне танкавай калоны імя Дзімітрыя Данскога і авіяэскадрыллі імя Аляксандра Неўскага. Гістарычныя вобразы князёў-абаронцаў зямлі Рускай і генералаў Новага часу так сама актыўна выкарыстоўваюцца дзеля падняцця патрыятычнага духа. Невыпадкова, што ў гады вайны быў зняты сімвалічны фільм «Аляксандр Неўскі», які распавядае пра разгром немцаў на Чудскім возеры.

Вынікі: Самаадданая праца савецкага народа, а так сама і беларусаў, дзеля Перамогі базіравалася ў першую чаргу на любві да сваёй Радзімы, на тэрыторыю якой прыйшоў страшэнны вораг. Але пэўную складаючую працоўнага гераізму мае і ідэалагічная праца, якая вялася партыйнымі органамі. Беларусы паказалі не толькі прыклады гераізму на франтах вайны, але і самаадданасць на прадпрыемствах, чыгунцы, у сельскай гаспадарцы.

Кантрольныя пытанні да тэмы 10

1. Якія рэгіёны СССР становяцца пад час вайны галоўнымі пастаўшчыкамі ваеннай тэхнікі і зброі?

2. Якія галіны ваенна-прамысловага комплексу развіваліся найбольш паскоранымі тэмпамі? Якія прычыны вы можаце указаць?

3. Як адбывалася фінансаванне ваенных выдаткаў у Савецкім Саюзе? У чым была галоўная розніца ў гэтай практыцы між Германіяй і СССР?

4. Якія памеры мела дапамога СССР ад саюзнікаў? Пастаўкі якой прадукцыі былі найбольш карыснымі для СССР?

5. Якія вы ведаеце варыянты пачынаў працоўных? Каго з беларускіх рабочых вы можаце назваць, як ударнікаў працы?

6. Каго з выдатных савецкіх канструктараў вы можаце назваць? Што яны зрабілі дзеля агульнай Перамогі?

7. Якую ролю выконвалі беларускія культурныя дзеячы, якія працавалі ў тыле?

8. Чаму савецкае кіраўніцтва спрыяльна стала адносіцца да Рускай Праваслаўнай Царквы ў гады вайны?


ТЭМА 11. ЗАКАНЧЭННЕ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ І ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВОЙНАЎ

Лекцыя 12. Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Перамога

Асноўныя паняцці:

дэсант у раёне горада Дз’еп; паўстанне ў Парыжы; наступленне ў Ардэнах; Львоўска-Сандамірская аперацыя; Яска-Кішынёўская аперацыя; Усходне-Пруская аперацыя; Вісла-Одэрская аперацыя; Заходне-Карпацкая аперацыя; Карпацска-Дуклінская аперацыя; вызваленне Прагі; Крымская канферэнцыя; зоны акупацыі; рэпатрыяцыя; Краёвая Рада Народавая; Польскі Камітэт нацыянальнага вызвалення; канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска; Карлсхорст; Берлінская аперацыя; парад Перамогі; рэпарацыі; Савет міністраў замежных спраў; мірныя дагавары; атамная бомба; Хірасіма і Нагасакі; Квантунская армія; А.Васілеўскі; Акт аб безагаворачнай капітуляцыі; армія генерала У.Андэрса; Монтэ-Касіна; гарыбальдзійскія дывізіі; Цэнтральны камітэт былых савецкіх ваеннапалонных; Арганізацыя Аб’яднаных Нацый; міжнародны ваенны трыбунал; міжнароднае правасуддзе.

Адкрыццё другога фронту

Ашаламляльныя перамогі чырвонай Арміі прымусілі кіраўніцтва Англіі і ЗША паскорыць мерапрыемствы, накіраваныя на адкрыццё другога фронту ў Еўропе. Гэта так сама адпавядала інтарэсам СССР, бо па словах І.Сталіна на Цегеранскай канферэнцыі Чырвоная Армія ўжо стамілася адна змагацца супраць германскай ваеннай машыны.

Гісторыя пытання аб другім фронце пачынаецца яшчэ ў пачатку 1942 г., калі пасля перамогі пад Масквой склаліся выдатныя магчымасці для высадкі саюзнікаў у Паўночнай Францыі. Але спроба высадзіць дэсант на ўзбярэжжы ў раёне горада Дз’еп скончылася сакрушальным паражэннем саюзнікаў. Аперацыя была дрэнна распрацавана, у ёй удзельнічала мала войскаў, таму нямецкім войскам у Францыі без вялікіх намаганняў удалася нейтралізаваць гэтую спробу. Савецкі Саюз працягваў несці адзін асноўны цяжар у барацьбе з фашысцкай Германіяй.

Праблема другога фронту, як галоўная задача на 1944 г., абмяркоўвалася на Цегеранскай канферэнцыі «Вялікай тройкі». Менавіта ў Тэгеране Масква атрымала завярэнні аб правядзенні буйной дэсантнай аперацыяй на поўначы Францыі не пазней 1 мая 1944 г. Але толькі 6 чэрвеня аперацыя «Аверлорд», у якой удзельнічалі амерыканскія, англійскія і канадскія войскі, была ўдала праведзена. Гэта буйнейшая дэсантная аперацыя ў гісторыі чалавецтва. Саюзнікі мелі над немцамі перавагу ў колькасці асабовага саставу і танкаў у 3 разы, у самалётах – боль чым у 60 разоў, валодалі поўным панаваннем і на моры. 15 жніўня амерыканскія і французскія злучэнні высадзіліся і на поўдні Францыі. 11 верасня дзве групоўкі саюзнікаў злучыліся і ўтварылі адзіны стратэгічны фронт у Заходняй Еўропе.

Як беларускія партызаны аказвалі дапамогу Чырвонай Арміі пад час вызвалення Беларусі, так і французскі рух Супраціўлення, які налічваў у сваіх радах 500 тыс. чалавек, дапамагаў саюзным войскам. Так, 18 жніўня пачалося ўсеагульнае паўстанне ў Парыжы,і праз 4 дні горад быў у руках паўстанцаў. Да канца года Францыя і большая частка Бельгіі былі вызвалены. Саюзныя арміі падыйшлі да граніц Германіі. Гэтыя поспехі саюзнікаў шмат у чым залежалі ад дапамогі Чырвонай Арміі. Так, у другой палове снежня 1944 г. немцы пачалі наступленне ў Ардэнах, арміі саюзнікаў стаялі на мяжы разгрому. У выніку Чырвонай Арміі прыйшлося распачаць раней запланаванага Вісла-Одэрскую аперацыю, што азначала дадатковыя страты сярод савецкіх салдат.

У лютым 1945 г. саюзныя арміі пачалі агульнае наступленне на Захадзе. Фарсіраваўшы ў сакавіку Рэйн, яны акружылі ў Руры 325-тысячную групоўку нямецкіх войск, якая капітулявала ў красавіку. З гэтага часу саюзныя арміі прасоўваліся на ўсход, практычна не сустракаючы арганізаванага супраціўлення немцаў.

Вызваленчы паход у Еўропу

Пасля завяршэння аперацыі «Баграціён» было праведзена 20 буйных наступальных аперацый, якія вызначылі канчатковую перамогу краін антыгітлераўскай кааліцыі над нямецка-фашысцкім блокам і мілітарысцкай Японіяй.

У ходзе летне-асенняга наступлення 1944 г. толькі ў трох ваенных аперацыях – Беларускай, Львоўска-СандамірскайіЯска-Кішынёўскай на фронце працягласцю 2200 кіламетраў – ад Заходняй Дзвіны да Чорнага мора было разгромлена звыш 170 дывізій праціўніка. Амаль поўнасцю была вызвалена тэрыторыя СССР. Выведзены з вайны саюзнікі Германіі – Румынія, Балгарыя, Фінляндыя і Венгрыя. Вельмі напружанымі былі баі на подступах да Усходняй Прусіі ў Прыбалтыцы. Германскае кіраўніцтва, як у свой час савецкае, прымае надзвычайныя меры па ўмацаванню баявога духу салдат. Са снежня 1944 г. дэзерціры прыгаворваліся да смяротнага пакарання, а іх сем’і да канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення свабоды. У сакавіку 1945 г. у вермахце былі ўведзены ваенна-палявыя суды. Блізілася расплата за развязаную вайну і гэта стала асновай упартага супраціўлення наступленню савецкай арміі.

12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскуюі Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. Савецкае камандаванне змагло забяспечыць значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, а таксама ў тэхніцы. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна.

Пры вызваленні польскай сталіцы Варшавы вылучыліся салдаты і афіцэры 47-й арміі, якой камандаваў ураджэнец Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, генерал-лейтэнант Ф.І.Перхаровіч, які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Гераічна змагаліся на польскай зямлі тысячы салдат і малодшых камандзіраў, выхадцаў з Беларусі. Радавы П.В.Касцючык, баец 218-га стралковага палка, ураджэнец Пухавіцкага раёна 15 студзеня 1945 г. у крытычны момант бою закрыў сабой амбразуру дзота, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А ўсяго 61 беларус за свае гераічныя ўчынкі, здзейсненыя пры вызваленні Польшчы быў удастоены зоркі Героя.

У выніку паспяховага ажыццяўлення Карпацска-Дуклінскай аперацыісавецкія войскі сумесна з 1-м чэхаславацкім армейскім корпусам, які быў сфарміраваны на тэрыторыі Савецкага Саюза, уступілі на тэрыторыю Чэхаславакіі. 5 мая ў Празе пачалося паўстанне, паўстаўшыя звярнуліся да савецкага камандавання з просьбай аб дапамозе. 9 мая 1945 г. пры актыўнай падтрымцы насельніцтва вызвалілі Прагу.
140 тыс. воінаў Чырвонай Арміі загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць чэхаславацкага народа.

Чырвоная Армія выканала сваю вызваленчую місію, вызваліўшы адзінаццаць краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы з насельніцтвам 113 млн. чалавек.

Крымская канферэнцыя

З 4 па 11 лютага 1945 г. у вызваленым Крыму, у Лівадзійскім палацы імператара Мікалая II, прайшла другая канферэнцыя «Вялікай тройкі». На гэтай сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні пасляваеннага ўпарадкавання ў Еўропе. На канферэнцыі было падпісана сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз два-тры месяцы пасля капітуляцыі Германіі. Саюзнікі згадзіліся з умовамі, на якіх Сталін разрываў нейтралітэт у адносінах з Токіа, гэта вяртанне Сахаліна і Курылаў, а так сама эканамічная экспансія СССР у Кітаі і Карэі.

На канферэнцыі абмеркавалі ўмовы безагаворачнай капітуляцыі Германіі і прынцыпы абыходжання з ёй, як з прайграўшай краінай. Вызначаліся зоны акупацыітрох краін, а «Вялікі Берлін» так сама падзяляўся на тры часткі. Была вызначана сума рэпарацыяў з Германіі – усяго 20 млрд. долараў, з якіх на 10 млрд. прэтэндаваў СССР.

У Ялце было падпісана сакрэтнае пагадненне, якое датычылася абмену ваеннапалоннымі і рэпатрыяцыі ў краіны пражывання вывезеных насільна ці выехаўшых дабравольна грамадзян. У СССР ваеннапалонныя і острабайтэры часта разглядаліся як здраднікі Радзіме і дабравольна выехаўшыя на працу ў варожую краіну. Шмат пакут і здзекаў чакала гэтых людзей на радзіме.

На канферэнцыі зноў паўстала «польскае пытанне». ЗША і асабліва Англія настойвалі на вяртанне ў Варшаву эмігранцкага ўрада, а СССР ужо прызнаў створаныя органы Краёвай Рады Народавай і Польскага Камітэту нацыянальнага вызвалення, дзе большасць мелі камуністы. Тым не менш, Сталін згадзіўся на павялічэнне тэрыторыі Польшчы за кошт тэрыторыі Усходняй Германіі, але мяжа з СССР была вызначана па «лініі Керзана».

Кіраўнікі трох краін прынялі рашэнне аб скліканні
25 кастрычніка 1945 г. у Сан-Францыска канферэнцыі Аб’яднаных Нацый з мэтай падрыхтоўкі статута міжнароднай арганізацыі па бяспецы.

Па ацэнках удзельнікаў канферэнцыі і аналітыкаў, савецкая дэлегацыя пайшла пад час канферэнцыі на большыя ўступкі саюзнікам, чым тыя ўступалі Сталіну. Тым не менш, канферэнцыя прадэманстравала адзінства мэт трох дзяржаў у прадбачанні хуткай перамогі над Германіяй, разам з тым калі прыйшоў час рыхтавацца да міру, усё цяжэй станавілася пераадолець глыбокае адрозненне інтарэсаў і поглядаў паміж партнёрамі па кааліцыі ваеннага часу.

Берлінская аперацыя

У выніку цяжкіх баёў у лютым-сакавіку 1945 г. на тэрыторыях Усходняй Памераніі, Сілезіі, Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі савецкімі войскамі былі вырашаны буйныя стратэгічныя задачы, і створаны ўмовы для штурму Берліна.

Савецкае камандаванне з гэтай мэтай падрыхтавала моцную армейскую групоўку ў складзе 1-га і 2-га Беларускага, 1-га Украінскага франтоў, Дняпроўскай ваеннай флатыліі, а таксама 1-й і 2-й армій Войска Польскага. Гэта групоўка мела ў сваім складзе каля 2,5 млн. чалавек, больш за 41000 гармат і мінамётаў, больш за 6250 танкаў і 7500 самалётаў. Суадносіны ў сілах у параўнанні з немцамі складалі: у людзях 2,5:1, у артылерыі 4:1, у танках і САУ 4,1: 1, у авіяцыі 2,3:1.

Штурм Берліна пачаўся 16 красавіка 1945 г. Дзесяць дзён спатрэбілася савецкім войскам, каб пераадолець абарону немцаў на подступах да горада. Больш за тыдзень доўжыліся баі ў самім Берліне. 30 красавіка Гітлер застрэліўся, а 2 мая гарнізон Берліна капітуляваў. 7 мая ў Рэймсе немцы падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі з заходнімі краінамі. Гэта вызвала незадаволенасць Сталіна, і па яго патрабаванню 9 мая 1945 г. у
0 гадзін 43 хвіліны у Карлсхорсце, у прысутнасці прадстаўнікоў камандавання ўсіх саюзных армій, быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі.

Тысячы нашых землякоў удзельнічалі ў баях на тэрыторыі Германіі. 70-ці з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У іх ліку вызначылася 7 генералаў і адміралаў, 50 афіцэраў і 12 салдат і малодшых камандзіраў. 26 лётчыкаў-беларусаў за праяўленую мужнасць у небе Германіі атрымалі зоркі Герояў Савецкага Саюза. У час баёў над Усходняй Прусіяй атрымаў другую Залатую Зорку героя П.Я.Галавачоў. За гады вайны П.Я.Галавачоў зрабіў 457 баявых вылетаў, удзельнічаў у 127 паветраных баях, асабіста знішчыў 31 нямецкі самалёт.

У ноч на 9 мая 1945 г. усе радыёстанцыі Савецкага Саюза перадалі доўгачаканую вестку аб вялікай Перамозе. Вайна ў Еўропе закончылася. 24 чэрвеня 1945 г. на Краснай Плошчы ў Маскве адбыўся парад Перамогі.

Патсдамская канферэнцыя

З 17 ліпеня па 2 жніўня 1945 г. прайшла новая сустрэча кіраўнікоў краін пераможцаў. Праходзіла яна ў новым складзе. Амерыканскі бок прадстаўляў Г.Трумэн, Англію – спачатку У.Чэрчыль, а з 28 ліпеня К.Этлі, партыя якога перамагла ў парламенцкіх выбарах.

Галоўным было «германскае пытанне». Яно вырашалася наступным чынам – раззбраенне, дэмілітарызацыя, ліквідацыя ваеннай прамысловасці, знішчэнне і судовае праследаванне нацыянал-сацыялізму, пакаранне ваенных злачынцаў, аднаўленне дэмакратычнай структуры палітычнага жыцця. Дэталізаванае было пытанне аб спагнанні рэпарацый з Германіі. У Патсдаме саюзнікі згадзіліся перадаць СССР Кёнігсберг, і значную частку Усходняй Германіі Польшчы. СССР пацвердзіла свой намер выступіць вайной супраць Японіі.

У Патсдаме быў зацверджаны Савета міністраў замежных спраў, галоўнай задачай якога была падрыхтоўка праектаў мірных дамоваў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй.

Аднак, трэба заўважыць, што шырокаму кругу пытанняў вылучалася шмат разыходжанняў. Амерыканская і англійская дэлегацыі разглядалі савецкую палітыку ў Балгарыі і Румыніі, як парушэнне ялцінскай Дэкларацыі аб вызваленай Еўропе. Галоўныя разнагалоссі праявіліся ў пытаннях аб будучым Германіі і аб Польшчы. І па гэтых пытаннях прэзідэнт ЗША Г.Трумэн займаў вельмі жорсткую пазіцыю, бо за плячыма ён меў атамную бомбу.

Такім чынам, Патсдам знаменаваў сабой пачатак канца паразумення паміж саюзнікамі па антыфашысцкай кааліцыі, і ўсё ж канферэнцыя мела вялікае міжнароднае значэнне, бо сваю ролю ў захаванні міру яна адыграла.

Последнее изменение этой страницы: 2016-08-11

lectmania.ru. Все права принадлежат авторам данных материалов. В случае нарушения авторского права напишите нам сюда...