Главная Случайная страница


Категории:

ДомЗдоровьеЗоологияИнформатикаИскусствоИскусствоКомпьютерыКулинарияМаркетингМатематикаМедицинаМенеджментОбразованиеПедагогикаПитомцыПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРазноеРелигияСоциологияСпортСтатистикаТранспортФизикаФилософияФинансыХимияХоббиЭкологияЭкономикаЭлектроника






Парадзійна-сатырычная літаратура

Асаблівасці смехавай культуры ў Беларусі ў ХVІІ ст. Парадыраванне кананічных жанравых формаў, сацыяльна-палітычная і нацыянальна-патрыятычная завостранасць помнікаў, новы тып героя і антыгероя ў літаратуры.

“Прамова Мялешкі”(першая трэць ХVІІ ст.) – пародыя на жанр соймавых прамоваў. Выкарыстанне імя рэальнай гістарычнай асобы Івана Мялешкі дзеля праўдападобнасці сітуацыі. Уяўная наіўнасць аўтара-прамоўцы ў адлюстраванні і характарыстыцы звычаяў і нораваў сучаснага яму шляхецкага асяроддзя. Крытыка насаджэння чужароднай культуры, паказ прыярытэту айчынага перад іншаземным. Гумар і элементы сатыры ў адлюстраванні патрыярхальнай даўніны. Жывая гутарковая мова, прыказкі, прымаўкі, трапныя выразы ў творы. Спісы і рэдакцыі помніка.

“Ліст да Абуховіча”(каля 1655). Праблема аўтарства помніка. Цыпрыян Камуняка як магчымы аўтар “Ліста”. Паказ прадажніцтва, крывадушніцтва, недабрасумленнасці ваеначальнікаў, крытыка іх здрадніцкай палітыкі дзеля карысных інтарэсаў. Сатырычныя прыёмы пры стварэнні вобраза Піліпа Абуховіча і яго радаслоўнай. Выкарыстанне паэтыкі вуснай народнай творчасці.

Выкарыстанне парадыйна-сатырычнай формы ў рэлігійна-палемічных мэтах: “Грамата, пісаная да святога Пятра” (сяр.ХVІІ ст.) і “Казанне рускае” (канец ХVІІ ст.).

Мясцовыя хронікі

Паступовы адыход ад дзяржаўнага летапісання ў канцы ХVІ ст. Адлюстраванне гістарычных падзей у дыярыушах і мемуарах, у героіка-эпічнай паэзіі і мясцовых хроніках. Пачаткі Магілёўскай хронікі.

“Баркулабаўскі летапіс” (канец ХVІ – пачатак ХVІІ ст.) – першая мясцовая хроніка ў беларускім пісьменстве. Панарамнае апавяданне пра гістарычныя падзеі і эмацыянальныя ўспаміны аўтара. Спалучэнне агульнадзяржаўнага і мясцовага патрыятызму. Кампазіцыйныя і стылістычныя асаблівасці хронікі.

“Магілёўская хроніка” (канец ХVІІ ст.). Запісы Т.Сурты пра гісторыю Магілёва і падзеі другой паловы ХVІІ ст. Чалавек і гісторыя ў запісах Т.Сурты. Мясцовы каларыт хронікі. Іншаземцы, іх норавы і звычаі ў назіраннях аўтара.

“Баркулабаўскі летапіс” і “Магілёўская хроніка”: праблема традыцыі і тыпалагічнага падабенства.

 

Мемуарная літаратура ХVІІ ст.

Эпоха мемуараў. Ваенныя падзеі, падарожжы, сямейнае жыццё – асноўныя тэмы дыярыушаў і мемуараў. Маскоўская тэма у “дзённіку падзеяй, што датычыцца смутнага часу” І.Будзілы Гістарычныя падзеі і жаўнерскія будні ў дыярыушах Абуховчаў, Б.Маскевіча, Я.Пачабута-Адланіцкага. Падарожныя нататкі С.Паца, Т.Білевіча. Гаспадарчыя клопаты і назіранні за надвор’ем у “Дыярыушы” А.Храпавіцкага. Аўтабіяграфія Б.Радзівіла.

“Дыярыуш пра падзеі ў Польшчы 1632-1656 гг…” Альбрыхта Станіслава Радзівіла. Дзяржаўнае жыццё і прыдворныя інтрыгі ў нататках канцлера вялікага літоўскага, партрэты каралёў, польскіх і беларуска-літоўскіх магнатаў. Радзівілаўскі “патрыятызм”.

“Дыярыуш” (50-я гг. ХVІІ ст.)Адама Каменскага-Длужыка. Апісанне земляў Сібіры і Далёкага Усходу. Аўтарскія рэфлексіі і заўвагі. Русізмы і беларусізмы ў мове помніка.

Самуіл Маскевіч (1580-1642)

“Дыярыуш” (1594-1621 гг.) С.Маскевіча. Эпіграф да “Дыярыуша” як агульны дэвіз мемуарыстаў эпохі Барока. Дзейнікавая і мемуарная часткі помніка. Расійская гісторыя смутнага часу вычыма беларскага шляхціца С.Маскевіча. Прадзівы паказ жаўнерскага побыту, нораваў і звычаяў маскоўскага баярства, вобразы маскоўскіх цароў-самазванцаў, калекцыя забаўных выпадкаў. Экспрэсіўны стыль помніка, аўтарская шчырасць і назіральнасць.

Ян Цадроўскі (1617 – каля 1682)

“Успаміны” Я.Цадроўскага як тыпавы прыклад шляхецкіх мемуараў сярэдзіны ХVІІ ст. Адлюстраванне тагачасных грамадскіх і гістарычных падзей у Рэчы Паспалітай. Апісанне падарожжа па Германіі, Галандыі, Даніі, Францы пад час знаходжання аўтара на службе ў Б.Радзівіла. Руска-польская вайна 1654-1667 гг. ва ўспрыняцці мемуарыста. Паказ рэлігійнай варожасці і фанатызму ў натотках Я.Цадроўскага. Асаблівасці кампазіцыі, стылю, мовы.

Паэзія ХVІІ ст.

Асаблівасці барочнай паэтыкі. Кніжна- эпіграматычныя вершы Мялеція Сматрыцкага, Лаўрэна Зізанія, Спірідона Собаля, Іосіфа Палоўкі, Іаіля Труцэвіча. Ананімная эпіграма на герб Магілёва

“Польска квітнет лаціною…” (1621) Яна Казіміра Пашкевіча як узор грамадзянска-патрыятычнай лірыкі. Асаблівасці мовы твора.

Ананімныя элегічныя плачы: “Лямант на смерць Лявонція Карповіча” (каля 1620 г.), “Рэха жалю… на смерць Іосіфа Бабарыковіча”, “Надмагільны надпіс Афанасію Філіповічу”. Праблема аўтарства плачаў. Фунеральныя і рэлігійна-палемічныя матывы твораў.

Лацінамоўныя вершы Саламона Рысінскага як узор жанру эпітафіі. Антычныя традыцыі ў паэзіі С.Рысінскага.

Тэарэтычныя погляды і паэтычная практыка М.К.Сарбеўскага. Беларускі перыяд творчасці. Трактат М.К.Сарбеўскага “Пра дасканалую паэзію, або Вяргілій і Гамер” – першае навукова-тэарэтычнае асэнсаванне эстэтыкі барока ў Беларусі.

Рэлігійна-метафізічная і палемічная паэзія Віталія, Андрэя Мужылоўскага, вершы з “Загараўскага зборніка”.

“Лабірынт” (1625) – філасофска-публіцыстычная паэма Тамаша Іяўлевіча. Рэлігійны дыдактызм твора і крытыка грамадскіх заганаў. Пераклад польскамоўнай паэмы на сучасную беларускую мову (Р.Барадулін).

Паэты маскоўскай арыентацыі: Філафей Утчыцкі і Андрэй Белабоцкі.

Сімяон Полацкі (Самуіл Сітняновіч-Пятроўскі) (1629-1680)

Вучоба ў Кіева-Магілянскай калегіі і ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Педагагічная і асветніцкая дзейнасць у Полацкім Багаяўленскім манастыры.

Беларускі перыяд творчасці паэта. “Акафіст”і “Канон”– першыя вершаваныя творы Сімяона. Вершы на старабеларускай, старапольскай, лацінскай мовах. Вершы-паліндромы, вершы-асіндэтоны, вершы-рэха, акравершы і інш. У паэтычнай спадчыне Сімяона Астролага-дыдактычная, прыродазначая тэматыка ў паэтычнай арыфмалогіі вершатворца (“Чатыры эпохі”, “Сем вызваленых навук”, “Восем цудаў света” і інш.). Вершы-панегірыкі (“Метры…”) ў паэтычнай спадчыне Сімяона. Роля асобы маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча ў фарміраванні рэлігійна-палітычнага, культурнага светапогляду Сімяона. Вершы, прысвечаныя руска-шведскай вайне (“Віншаванне на ўзяцце Дэрпта”, “Вершы на шчаслівае вяртанне цара… з-пад Рыгі”). Сатырычна-дыдыктычныя вершы (“На гультая”, “На п’яніцу”, “На грэшніка”), парадыйнае “Віншаванне… айцу Амфінагену Крыжаноўскаму” і інш.

Маскоўскі перыяд творчасці. Сімяон Полацкі – першы прыдворны паэт Маскоўскай дзяржавы, заснавальнік Заіконаспаскай вучэльні, Верхняй друкарні. Сімяон – ініцыятар стварэння тэатра ў Маскве. Сімяон Полацкі – пачынальнік рускай новалацінскай паэзіі, першы прадстаўнік стылю барока ў літаратуры Маскоўскай дзяржавы. “Вертаград шматкветны” і “Рыфмалагіён” – манументальныя паэтычныя зборнікі. “Псалтыр рыфматворны” – першы вопыт усходнеславянскага паэтычнага перакладу Псалтыра. Прапаведніцкае майстэрства Сімяона Полацкага, зборнік пропаведзіц “Абед духоўны” і “Вячэра духоўная”. Дыдактычныя п’есы “Камедыя прытчы пра блуднага сына” і “Пра Навухаданосара цара і пра трох отракаў”. Роля Сімяона Полацкага ў развіцці сілабічнай паэзіі ўсходніх славян.

 

Школьны тэатр і драматургія

Пашырэнне геаграфіі школьных прадстаўленняў: дзейнасць езуіцкіх тэатраў у Полацку, Нясвіжы, Гродна і інш. Дамінацыя паэтыкі барока ў школьных драмах: “Камедыя пра патрыярхаў Якуба ды Іосіфа” (Гродна, 1651) Яўстафія Пылінскага, “Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба” (Полацк-Орша, каля 1693 г.). Выкарыстанне біблейскіх сюжэтаў, зварот да гісторыі ўсходніх славян. Ліцвінская школа ў драматургіі Рэчы Паспалітай эпохі Барока.

Станаўленне беларускай інтэрмедыі. Інтэрмедыя “Чорт Асмалейка” (зборнік з Крожаў). Інтэрмедыя “Іван і царкоўны стораж” з “Камедыі пра патрыярхаў Якуба ды Іосіфа” Я.Пылінскага. Пралогі, устаўкі і эпілогі да “Камедыі…” як прыклад функцыянавання інтэрмедый у структуры школьнай драмы. Рэлігійна-палемічныя матывы ў інтэрмедыях з гарадзенскага кодэкса.

Інтэрмедыі да драмы “Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба”. Нацыянальны і сацыяльны каларыт вобразаў у інтэрмедыях з аршанскага кодэкса. Маральна-дыдактычная накіраванасць і камізм беларускіх інтэрмедый у агіяграфічнай польскамоўнай драме.

 

Кароткі курс выбраных лекцый

 

“Баркулабаўская хроніка”

Факт “паступовага скону беларускага дзяржаўнага летапісання” і з’яўленне новай, сінкрэтычнай літаратурнай формы “летапіс-мемуары” канстатуе “Баркулабаўская хроніка”, вельмі арыгінальны і рэдкі ў славянскім свеце помнік пісьменства. Невядомыя яе аўтары (хоць многія даследчыкі і называюць іх канкрэтныя прозвішчы (Аляксей Мсціславец і Фёдар Магілявец) паставілі перад сабой мэту расказаць пра багатае на падзеі жыццё вёскі Баркулабава і яго ваколіц, пераказаць яго легенды і паданні, падаць дакументы, каб яны не зніклі. У якасці зыходнага матэрыялу тэксту “Хронікі…” яны абралі пагадовыя запісы старажытнарускіх і, несумненна, беларуска-літоўскіх летапісаў XV – XVI стст. Вычытваем мы ў ёй два варыянты іх абазначэння: першы – тыпу “лета божого нароженя 1545…” як бы ўзяты ў рускіх летапісцаў, другі – “…року 1587, месяца октября 1 дня…” – як бы пераходзіць з польскіх хронік, а ўзаемадзеянне гэтых двух планаў тлумачыцца яшчэ жывой агульнаўсходнеславянскай гістарыяграфічнай традыцыяй і польскімі ўплывамі, якія сталі ўжо адчувальнымі ў пачатку XVIІ ст.

Апавяданне “Баркулабаўскай хронікі” пачынаецца не з апісання дзеянняў і подзвігаў легендарных герояў, не з біблійных часоў, што было ўласціва творам гістарыяграфічнага жанру, а рэальнай айчыннай гісторыяй. Традыцыя старажытнай гістарыяграфіі тут парушана, экспазіцыя “Хронікі…” мае лакальны падзейны характар, які вытлумачваецца цікаўнасцю яе аўтара (аўтараў) найперш да таго, што датычылася канкрэтна сяла Баркулабава або што праз яго праламлялася.

Традыцыйным, як ужо было адзначана вышэй, застаўся пагадовы запіс і сухая, лаканічная намінацыя гістарычных падзей (Берасцейскі сейм 1544 г. з пералічэннем рэальных гістарычных асоб, якія на ім прысутнічалі). Гэты сейм цікавіў аўтара “Хронікі” толькі як факт дзяржаўнага значэння, які павінен быў застацца ў памяці, але які не меў ніякага дачынення да душы. Гэтая ж самая традыцыя вычытваецца і ў аповедзе пра паходжанне Магілёва, узяцце ў 1563 годзе Іванам Грозным Полацка і заснаванне замка “Баркулабов” Баркулабам Іванавічам Корсакам. Аўтар гэтых запісаў, строга прытрымліваючыся летапіснага этыкету, падаў іх у храналагічным парадку, суха, быццам статыст, увёў у аналы гісторыі падзеі, прозвішчы, назвы мясцовасцяў. Ніякага імкнення да дэталізаванага, якаснага, эмацыянальна-вобразнага апавядання тут няма, хіба што ў запісах пра заснаванне Магілёва і ў характарыстыцы Баркулаба Корсака, “ротмистра и старосты дисненского”, які “…на лесе глухом, на кгрунте лесном, на врочищу, прозываемом Брус…” заклаў замак, летапісец пастараўся быць больш гаваркім, аднак і тут ён не ставіў перад сабой мастацкай мэты: пісаў гісторыю без выдумкі і фантазіі – факты, падзеі, асобы. У “Баркулабаўскай хроніцы” гэтыя факты, падзеі і асобы самыя розныя. А.Коршунаў, напрыклад, дзяліў іх у свой час на чатыры групы. Да першай аднёс “уласныя назіранні аўтара апошніх запісаў над жыццём сяла Баркулабава і яго ваколіц”. Да другой – “запісы, лісты і пераказы іншых асоб”. Да трэцяй – “афіцыйныя дзяржаўныя і прыватныя дакументы”. І да чацвёртай – “легенды і паданні фальклорнага паходжання”.

Як бачна нават з гэтага падзелу, “Баркулабаўская хроніка” – твор шырокага дыяпазону, шматслойны па задуме, можна сказаць, энцыклапедычны. Гісторыя, этнаграфія і фальклор, дакументальная проза, самі дакументы з’яўляюцца складнікамі яе тэксту. Менавіта не толькі асабістасцю летапісца гэты твор наватарскі, але і рознахарактэрнасцю матэрыялу. Можа, ад гэтага ён не такі гарманічны, як аповед пра Альгерда, і ўсеахопленасць у ім не дае адзінага па ўзроўні стылю, пазбаўляе акрэслена вытрыманых жанравых рамак, тым не менш гэта такія недахопы, якія ў цэлым уздымаюць “Баркулабаўскую хроніку” на новы ўзровень.

Парушаючы храналогію і логіку лічбаў, звернемся найперш да чацвёртай групы. Думаем, што А.Ф.Коршунаў не меў рацыі, вылучаючы ў “Баркулабаўскай хроніцы” асобна “легенды і паданні фальклорнага паходжання”. Як вядома, легенда – гэта празаічны фальклорны ці літаратурны жанр, у аснове якога фантастычная з’ява або вобраз, што падаюцца як верагодныя. Рэальныя падзеі ў легендзе цесна пераплятаюцца з фантастычнымі матывамі і ўтвараюць мастацкае адзінства, дзе дамінуе незвычайнае.

У адрозненне ад легенды, паданне – гэта жанр, у якім з элементамі меншай ці большай фактычнай дакладнасці тлумачыліся рэальныя з’явы навакольнага жыцця, расказвалася пра значныя гістарычныя падзеі роднага краю, пра народных герояў. Паданні, як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю, у своеасаблівай форме яны неслі людзям веды пра навакольны свет і гісторыю краю. У “Баркулабаўскай хроніцы” няма ні легендаў, ні паданняў у іх чыстым выглядзе. Несумненна, што яе аўтары, якія жылі сярод народа, напэўна ведалі мясцовыя легенды і гістарычныя паданні. Аднак іх у сваю працу яны не ўключылі, найперш пішучы пра тыя падзеі, якія станоўча або адмоўна ўплывалі на рэальнае жыццё сяла Баркулабава. Падзей было даволі: войны і бунты, царкоўныя сіноды і шляхецкія рокашы, неўраджаі і прыродныя катаклізмы, голад, паморкі і многае іншае. Іх канстатацыя якраз і пераважае. Самая ж галоўная падзея, якая адлюстравана на старонках “Хронікі…” – гэта выхад на авансцэну паспалітага, простага чалавека сяла з яго паўсядзённымі клопатамі і праблемамі аб хлебе існым, з яго смуткам, горам, рэдкай радасцю. Мы маем тут відавочны працэс дэмакратызацыі героя ў сярэднявечнай беларускай літаратуры: ад святога ў агіяграфіі, князя – у летапісах, да domusa, чалавека зямлі, сапраўднага яе гаспадара, жыццё якога было цяжкім, часам невыносным. Голад і холад былі яго бацькамі і братамі, а лыжка сырога варыўца – сястрыцай, якая ратавала яго ад галоднай смерці. Не радасць, а людское гора прымусіла аўтараў “Баркулабаўскай хронікі” адкрыць сваю душу, выказаць сваё “я” ў сувязі з эканамічным становішчам, якое склалася ў Вялікім княстве Літоўскім на пераломе XVI – XVIІ стст.

Узрушальным, жорсткім, але дакладным па сваёй страшнай праўдзе выглядае апісанне голаду пачатку XVIІ ст., які прывёў да масавай пагібелі бяднейшых слаёў. Асабліва вясной 1602 года. Храніст стварае апакаліпсічную карціну агульнанароднага гора, беручы за герояў па лініі родавы лік (“маці-бацька”, “сын-дочка”), і хавае па ім (“отец сына, сын отца, матка детки, детки матку, муж жену, жена мужа…”). Ад сваякоў, родных, сямейных ідзе адлік да агульначалавечага гора ў маштабе народа. Бяду-плач зноў жа ўвыпукляе пералічэнне: “…а так мерли одны при местах, на вулицах, на дорогах, во лесах, на пустыни, при роспутиях, по пустых избах, по гумнах померли…”.

Пералік – гэта ўвогуле летапісны прыём, па наяўнасці ў летапісах ён даўні, але як спецыяльны тройчы ўжыты ў тэксце, ён па-наватарску просты, уяўляе сабой развіццё традыцыі. Урэшце, не тройчы, бо і чацвёрты раз скарыстоўвае гэты прыём хранікёр і як надзвычай удала, прыгожа выходзіць у простую мову: “А коли тот находив у ворот, албо в дому у кого стояли хлеба просили, отец з сыном, сын со отцем, матка з дочкою, дочка з маткою, брат з братом, сестра з сестрою, муж з жоною тыми словами мовили силне, слезне, горко мовили так: “Матухно, зезюлюхно, утухно, панюшко, сподариня, солнце, месец, звездухно, дай крошку хлеба!”.

Але простая мова, просьба хлеба, з’яўляецца не ўласна-асабовай, нібы ад асобы, – яна мностваасабовая (“мовили силне, слезне горко мовили”), у ёй праламляецца нарастанне народнага гора ізноў праз пералік-паўтарэнне, якое становіцца для летапісца суб’ектыўным і асабістым.

У цэлым “Баркулабаўская хроніка” – твор панарамны, які без агаворкі можна назваць liber vitae (парадак рэчаў) і які найперш датычыцца subsidium memorias, або запісаў пра важнейшыя падзеі, што адбыліся пры жыцці аўтараў. Найперш было паведамленне пра Берасцейскі сінод 1596 г. Да уніі баркулабаўцы ставіліся негатыўна, падобна казацкім войскам, што рабавалі іх і ўсё Вялікае княства Літоўскае. Негатыўныя адносіны да уніі выказваюцца адкрыта. Як прыклад нагадаем запіс пра службу ў гонар уніі, якую езуіт адправіў у царкве, а Іпаці Пацей у касцёле, то “там же у олтара руского, где служил римлянин, в келиху вино у кров барзо шпетную, смродливую обернулася, же тот езуита не поживал. А у олтара римского у Потея вино обернулося у простую горкую воду…”.

Не патрыярхальная забабоннасць, не міфалагічныя ўяўленні кіравалі аўтарам гэтых слоў, а яго стан душы, яго маральны лад жыцця і вера ў свайго Бога, яго разуменне сэнсу уніі. Гэта яго пазіцыя і погляд на рэлігійныя справы, што адбываліся ў канцы XVI ст. на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, выказаныя словам, якое ідзе ад фальклору, ад простанароднай вуснай традыцыі.

Асобна баркулабаўцы падаюць у “Хроніцы…” афіцыйныя дзяржаўныя і прыватныя дакументы, узбагачаючы яе фактуру і ставячы шмат якія пытанні. Храналагічна першым дзяржаўным дакументам у ёй ідзе “Лист от послов князя великого московского”, які з’яўляецца папрокам польскаму каралю ў вераломстве ад імя “цара и великого князя Ивана Василевича”. У ім маскоўскія паслы абвінавачваюць стырнавога Рэчы Паспалітай у парушэнні перамір’я 1578 г. і ў захопе Полацка ў 1579 г. Пра апошняе інфармацыя асобная: “Року 1579 господарь король Стефан Батура, кроль полский, княжа седмикгродское, под князем великим московским, князем Иваном Василевичом Полтеск замок взял с поляцми литвою…”. Прыведзены запіс – гэта рэакцыя аўтара “Хронікі…” на ваенныя падзеі, якія адбываліся падчас Лівонскай вайны на тэрыторыі Беларусі. А ў частцы, якая называецца “Москва Могилев выжгла в Петров пост” даюцца паведамленні і пра ўзяцце ў 1580 г. Стэфанам Баторыем Пскова, і пра спальванне Магілёва, пра спусташэнне Шклова і Копыся, пра бітву між маскоўцамі і ліцвінамі пад тым жа Магілёвам, у выніку якой “страшно было трупу московского гледъти; реку Днепр силным трупом язовища загородили, иж колко недель днепровое рыбы не ядали и воды не пивали для великого гнюсу трупу московского”.

Лівонская вайна была адной з трагічных падзей у жыцці Беларусі другой паловы XVI ст. Нашы землі сталі месцам крывавых гульняў (дастаткова ўспомніць бітвы і сутычкі пад Полацкам (1563), Оршай (1564), Улай (1564), Азярышчам (1564) і зноў Полацкам (1579). На старонках “Баркулабаўскай хронікі” няма спісаных з аўтапсіі або з пераказу баталістычных карцін, прысвечаных вышэйназваным падзеям. Гэта лагічна, бо яе аўтары не былі баталістамі ці паэтамі героіка-эпічнага складу. Яны былі летапісцамі, найперш скіраванымі на інфармацыю, таму гістарычны, фактаграфічны матэрыял у іх пераважае, і асабліва там, дзе размова ідзе пра справы цэлай дзяржавы. Менавіта гэтай скіраванасцю вытлумачваецца наяўнасць у “Баркулабаўскай хроніцы” і іншых афіцыйных дзяржаўных дакументаў: “Ліста Жыгімонта ІІІ ад 11 сакавіка 1592 года”; “Духоўнага прывілея Нікіфара” ад 10 кастрычніка 1596 года; “Листа от пана некоторого з рокошу выписаного о новинах рокошовых”; “Универсала рокошового Року 1606, месеца сентебря 25 дня” і “Ассекурации, то ест вольности”.

Большасць з вышэйназваных дакументаў маюць гістарычную, гістарыяграфічную значнасць, а некаторыя, як, напрыклад, “Ліст Жыгімонта ІІІ”, і юрыдычную, бо ліст з’яўляецца не чым іншым, як каралеўскім прывілеем епіскапам-уніятам Кірылу Тарлецкаму, Гедэону Балабану, Лявону Збаражскаму і Гермагену (Рыгору Загароўскаму) на зраўнанне ў правах грэка-каталіцкага духавенства з рымска-каталіцкім, аб вечнай падтрымцы каралеўскай уладай уніяцкай царквы і яе епіскапаў “…яко верных подданых и богомольцов”, - “…паки остатнего живота их ставати будет”.

“Ліст Жыгімонта” змешчаны ў “Баркулабаўскай хроніцы” перад апісаннем Берасцейскага праваслаўнага сінода, які пачаўся 6 кастрычніка 1596 г. (аўтар памылкова падаў 1593), і гэта ў пэўным сэнсе сімвалічна. Па-першае, у ім вельмі ярка выражана пазіцыя польскага караля адносна уніі і яе духоўных бацькоў; па-другое, гэта своеасаблівы, падмацаваны каралеўскім подпісам і кароннай пячаткаю пралог, уступ у справы уніі і падзеі, з ёю звязаныя. І апошняе , “Ліст Жыгімонта”, як і ўсё афіцыйна-дзяржаўнае, што было ўключана ў тэкст “Баркулабаўскай хронікі” ў аўтэнтычным выглядзе, паказвае на імкненне аўтараў чым паўней насыціць яе часавую прастору гістарычнай інфармацыяй самага рознага кшталту. Іншы раз нават не звярталася ўвага на храналагічную паступовасць. Так паступілі і аўтары гарадскіх летапісаў, віцебскага – М.Панцырны і С.Аверка і магілёўцы Т.Сурта і Ю.Трубніцкі. Першыя, акрамя звестак пра мясцовыя падзеі, уключылі ў сваю працу мноства выпісак з твораў знаных у свеце гісторыкаў і летапісцаў (Марціна Бельскага, Яна Длугаша, Пурыуса Пяткевіча, Мацея Стрыйкоўскага). А аўтары “Магілёўскай хронікі” змясцілі у ёй нават літаратурныя творы: вершаваныя пасквілі невядомых пісьменнікаў на польскага прымаса Міхаіла Радзяёўскага і караля Аўгуста Другога, таксама “Замежны карнавал у Польшчы ў 1701 – 1705 гг.”, скіраваны супраць каранаванай асобы і “саксончыкаў” з яго акружэння. Навідавоку працэс алітаратурвання гістарыяграфічных твораў, пашырэнне іх жанравага канону, адыход ад гістарыяграфічнага этыкету ў бок гістарычнай прозы і нават паэзіі. Падобнае ёсць і ў “Баркулабаўскай хроніцы”. Праўда, няма ў ёй “чужых” літаратурных твораў, затое ў многіх месцах яна настолькі літаратурна здатная, што было б вялікім грахом не аддаць належнага яе аўтарам, не назваўшы іх аднымі з лепшых пісьменнікаў – гісторыёграфаў канца XVI- пач. XVIІ стст., пачынальнікамі гістарычнай прозы ў нашай літаратуры, пачынальнікамі мемуарнай традыцыі.

Мемуарныя прыкметы – фактаграфічнасць, рэтраспектыўнасць, непасрэднасць аўтарскіх сведчанняў – у “Баркулабаўскай хроніцы” адшукваюцца няцяжка. І асабліва ў тых частках тэксту, якія А.Коршунаў назваў “уласнымі назіраннямі аўтара апошніх запісаў над жыццём сяла Баркулабава і яго ваколіц”.

Яны яшчэ не абсалютна выразныя, перадмемуарныя, аднак аўтарскі погляд, аўтарская пазіцыя адносна падзей ясна вычытваюцца ўжо ў самым пачатку твора. У запісе за 1579 год, дзе ідзе аповед пра няўдалыя аблогу і штурм літоўскім, мясцовым войскам, на чале якога стаяў баркулабаўскі ўраднік Андрэй Гудоўскі, Смаленска. Тут пазіцыя аўтара, ліцьвіна, паспалітага высокапатрыятычная. Ён на баку сваіх суайчыннікаў, радуецца, што яны “под Смоленском и Рославлем… места выжгли, волости, села попустошили. Под замъком Смоленским моцно и охотне штурм мели…”, шкадуе, што “не дал им господь бог его достати албо выняти; з ласки божое з добычею великою до домов своих здоровы з доброю славою приехали…”. У той жа час у “Баркулабаўскай хроніцы” зусім адсутнічае in nomine Domini omen (жыццё пісьменніка). Для літаратуры канца XVI – пач. XVIІ стст. самым важным была падзея, “падзея палітычная, ваенная, сямейная, метэаралагічная” (А.Мальдзіс). Аўтарская асоба, яе прыватнае жыццё выяўляліся рэдка, і гэта было звязана з пераходным перыядам у літаратурнай творчасці: ад летапісу да мемуараў, ад фіксацыі падзей да іх белетрыстычнага адлюстравання, у якім ужо прыватнае жыццё мемуарыста як бы канструявала грамадскае і якое абавязкова падавалася праз прызму аўтарскай філасофіі і маралі. Такія творы з’явіліся ў нас пазней, і найлепшыя з іх – мемуары С.Маскевіча, Я.У.Пачобута-Адляніцкага, К.Завішы, М.Матушэвіча. У палякаў непараўнальным узорам такога твора з’яўляюцца “Мемуары” Я.Х.Пасека. А пакуль вернай прыкметай перадмемуарнага пачатку ў “Баркулабаўскай хроніцы” служаць аўтарскія пачуцці, эмоцыі, перажыванні, праяўленне ўнутранага аўтарскага “я”, якое было характэрным для новага, рэнесансавага светабачання чалавека канца XVI – пач. XVIІ стст.

Ф.Кміта-Чарнабыльскі

Ф.Кміта-Чарнабыльскі увайшоў у гісторыю сярэднявечнай беларускай літаратуры як аўтар 30 рэзідэнцкіх лістоў-пасланняў, якія ён у перыяд з 6 снежня 1573 г. да канца 1574 г. даслаў панам радным і іншым высокапастаўленым асобам Вялікага княства Літоўскага.

З’яўленне лістоў Ф.Кміты-Чарнабыльскага не было выклікана яго ўнутранай рэфлексіяй ці жаданнем увекавечыць сябе ў аналах гісторыі. Яны з’явіліся ў выніку службовай неабходнасці, як абавязак, які патрэбна было выконваць у межах пэўнага “этыкету” і рэгулярна, нягледзячы на стан душы, здароўя, матэрыяльнага становішча. Ні Леў Сапега, які ў 1609 – 1611 гг. вёў перапіску са сваёй жонкай Альжбятай Радзівіл, ні “венскі трыумфатар” Ян ІІІ Сабескі, пасылаючы поўныя шчырасці і кахання лісты Марыі Казіміравай (Марысеньцы) з французскага дома Д’аржэ, не былі ў рангу канылярыстаў. Падобна аршанскаму старасту чыніў справаздачу Ян Піятроўскі, які быў рэзідэнтам Андрэя Апалінскага пры Стэфане Баторыю, калі апошні ў 1581 г. асадзіў Пскоў. Рэзідэнтам князя Станіслава Кароля Радзівіла быў і Казімір Сарнецкі, які штотыдзень адсылаў свайму патрону інфармацыю пра жыццё двара Яна ІІІ Сабескага. У пэўнай ступені як рэзідэнцкія справаздачы, толькі ў форме гістарычных запісак, мы можам разглядаць апісанне дыпламатычных місій Сігізмунда Герберштэйна і Джэрома Гарсея ў Масковію да цара Івана Васільевіча Грознага. З адной толькі розніцай, што яны прызначаліся для шырокай еўрапейскай аўдыторыі і тэматычна ахоплівалі ўсе сферы тагачаснага рускага грамадства, ад быту і нораваў народа, да знешняй і ўнутранай палітыкі самадзержца. Блізкі да іх і Мікалай Крыштаф Радзівіл са сваёй польскамоўнай “Peregrуnacyjej do Ziemi Swiętеj”, які з пазіцый рэнесансавага чалавека апісаў экзатычны свет Егіпта і Палесціны. “Перэгрынацыя…” імпануе перш за ўсё шырокай шкалой назіранняў. Назіральнасць Радзівіла часта бывае даволі дробязнай, аднак яна заўсёды індывідуальная і становіцца выразнай у візуальным і нават пластычным апісанні прадметаў. У гэтым сэнсе Радзівіл даходзіць да дасканаласці, імкненне да дробязяў указвае на характар гэтага чалавека, якога цікавіць “усё і ўся”, і на пісьменніцкі талент. Філон Кміта-Чарнабыльскі не адбываў падарожжа ў Святую Зямлю, але ён у многім падобны да Радзівіла: па самавыражэнні, цікаўнасці і дапытлівасці, па спосабу падачы інфармацыі, якую ён атрымліваў ад сваіх калегаў, па Божым дары да слова нарэшце.

Неаспрэчна, што “Реестрь списань, которые есьми листы через посланьци мои, даючи ведать о князю великом и о новинах, о которых мне шпеги мои з земли его неприятельское московское ведати давали…” Ф.Кміты сёння справядліва вылучаны з чыста эпісталярнага жанру і ўключаны ў кантэкст гісторыка-мемуарнай літаратуры. А калі ўлічыць, што лісты ўкладзены ў храналагічным парадку, а інфармацыя збіралася, правяралася, адпаведным чынам афармлялася і толькі пасля гэтага дастаўлялася адрасатам, то іх можна назваць і дзённікавымі справаздачамі. З адзнак эпісталярнага жанру ў “Реестре…” засталіся толькі тытулаванне ды ўвяльбёныя звароты кшталту “освенцоные а ясневельможные, милостивые панове рада Великого княжества Литовского, панове а панове милостивые”, а таксама даты напісання. Зразумела, што не ўсе “Лісты…” Ф.Кміты раўназначныя па аб’ёме пададзенай інфармацыі, па літаратурна-эстэтычнай арганізаванасці, па моцы аўтарскіх эмоцый. Кульмінацыяй менавіта мастацкасці Ф.Кміты сталі лісты да Я.Валовіча ад І.VI.1574 і 5. VIІ.1574 гг. Яны, як пісаў А.Коршунаў, “…выходзяць за рамкі службовых данясенняў і набываюць характар вострапубліцыстычных артыкулаў, прасякнутых пафасам бязлітаснага выкрыцця закулісных махінацый кіруючай вярхушкі Вялікага княства Літоўскага і яе капітуляцыі перад відавочным дыктатам ганаровай і нахабнай польскай феадальнай знаці”. Проста сказаць “артыкулы” – гэта значыць нічога не сказаць пра жанрава-стылёвую сутнасць допіса-даносу. Жанрава лепшыя допісы Ф.Кміты блізкія да летапіснай рэляцыі (бо аб падзеях, людзях), але яны – і ўласна проза, як нарацыя, як аповед. Гэта можа быць блізкім і да навелы (“…татар, повядают, войска великие, мижи которыми три царевичи, а стоят уже в земле его, в полях пустых, на урочищах в лужках овечих. Ино против них зготовал, дей, войска свои немалые и положил около реки Оки, при которых и гуляй-городов набудовал, дей, немало…”, і да эцюда (…не дай Бог ляху быть! Вырежет Литву, а Русь поготову!” Давно резать погане литвина, и тот, де с прыроженя натуры на себя сам необачное… просто як овца: где их больше берёт волк, там оне дальше за ним идут!...”, і да аўтарскага маналога – ляманту – разважання (“… а естли каждый о собе мыслить, и я пак, милостивые панове, чы бестыя, абы о жывоте моим промышлять не мел? Будет добро – будет. А не будет – горш сего не будет. А ничого! Межи людей, а не на староне згину…”.

Як бачна, Ф.Кміта ў сваіх “Допісах…” інтуітыўна дайшоў да скарыстання розных жанравых формаў у іх пачатковым варыянце, у іх дзіцячым узросце. Яны розныя, але ў іх многа тыпалагічна блізкага, паралельнага. Найперш – лёгкі спосаб апавядання, словы як бы самі злятаюць з вуснаў старасты, і бачыцца ён нам не старастам хілай і ўбогай крэпасці, а сказальнікам, чыё слова ўзгадавана на мудрасці, дасціпнасці, маральнасці слова народа. І лямант Ф.Кміты ў яго слоўным выражэнні – ад народных лямантаў-плачаў, практыкавацца ў якіх беларусам заўсёды хапала прычын і здатнага матэрыялу. Ф.Кміта быў патрыётам, верна служыў свайму краю, добрасумленна выконваў абавязкі старасты “скгнилого и голодного” прыгранічнага горада і рэзідэнта паноў сенатараў, у тым ліку і Яўстафія Валовіча. Як у “Хроніцы Быхаўца” ў сувязі з аўтарскім патрыятызмам узнікла паэтычнае апісанне пахода князя Альгерда на Маскву, так у Ф.Кміты многія моманты яго перапіскі па той жа прычыне займелі стыль мастацкай гістарычнай прозы, будучы дадзеныя вобразна і эмацыянальна. Патрыятызм аршанскага старасты не быў належна ацэнены, часта нашчадак “літоўскага Ганібала” (так у народзе празывалі яго бацьку Сямёна Кміту) са скрухай і адчаем, нават плачам звяртаўся да сваіх апекуноў з просьбай уважыць яго заслугі, яго худароднае становішча: “Нещасный есьми дворанин, згиб есьми в нендзы, а больш з жалю: люди на кашы переели кашу, а я з голаду здох на сторожы! Помсти, боже государю, грехопадение, хто розумеет! Бо прийдет час, коли будет надобе Илии Муравленина и Соловья Будимировича прийдет час, коли служб наших будет потреба!”.

Такія абзацы ў “Лістах” Ф.Кміты-Чарнабыльскага – гэта сапраўды вышыня літарацкасці стылю, гэта выява літаратурнага таленту, голасу жывога чалавека. Гэта публіцыстыка з пафасам асуджэння і выяўлення сябе як літаратара, знаўцы нацыянальнага мастацтва, фальклору, іх вытокаў, гістарычных каранёў. Упамінанне Іллі Мурамца і Салаўя-разбойніка – гэта шматзначна, гэта красамоўна, бо сведчыць, што памяць літаратара XVI ст. не пазбаўлена памяці пра легендарнае мінулае краю. Подых гістарызму – ў фундаменце, у пачатку нацыянальнай прозы. Мы можам успомніць гістарызм “Слова пра паход Ігаравы”, які быў звязаны з успамінам аб часе Траянавым. Ф.Кміта-Чарнабыльскі, відаць, першы ў сваё ліставанне ўплёў легендарную гісторыю, яднаючы яе са сваім часам. Гэта былі першыя прыступкі ў гістарызацыі нацыянальнай прозы. Ф.Кміта-наратар, ён эпісталярны, эмацыянальна-экспрэсіўны, публіцыстычны. З гэтага ён паўстае ў поўны рост як асоба, як чалавек неспакойнай душы, філасафічны і маралістычны, мудры мудрасцю народнай этыкі, хрысціянскай ідэалогіі.

Аднак самым, як нам здаецца, літаратурна і эстэтычна арганізаваным у перапісцы Ф.Кміты з’яўляецца ліст “До Остафея Волловича, каштеляна троцкого”, датаваны 5 жніўня 1574 г. Традыцыйна, “тым же обычаем”, як і да ўсіх паноў сенатараў Вялікага княства Літоўскага, распачаў Ф.Кміта гэтае пасланне. Навін, “годных ведомости”, аднак не мае, а пачаў з разважанняў пра тайныя ўцёкі Генрыха Валуа з польскага каралеўскага трона. Такой падзеі Ф.Кміта не разумее: “Дивные суть судьбы божи! Мы от ворот, а он дирою вон. Не только нам того розумети, але такого государского отьеханя всему свету не вместити! Неслыхана от веку, абы хто слепорожену отворыл очи; так и помазанцу божему тым способом од подданых своих уехати! Ова, вторый ест Нептонов ( ? ). Бы ту в (аша) м(илось), п(ан) м(ой) милостивый, ушы свои мел! Який же около того шмер на Москве, який пры границах! Страх божий! О всем все ведают, прекладаючи то живот государский, яко был в руках нашых, которая ему была вчастность, який покой, яковая вдячность, што за роскош, што за послушенство, якая соромота через цедулы, за очы и в очы, якая преспечность здоровя его. Яка тепер обелживость, похвали, одповеди! Если бы чого кому не дал, если бы теж, ведле права, кому судил, вытегаючи ременья з нас? И што за выхованье мел, уруганя, посмеху, прикростей самему и слугам его французам, розберанем маетности его, именей, скарбов? Див божий и страх божий! Не вымовить, не выписать того чоловек не може”.

Выпісаны абзац ліста больш публіцыстычны, чым скаргі Ф.Кміты на сваю нядолю. Ён выяўляе Ф.Кміту як удзельніка дыскусіі, дыспута. Можа гэты ўдзельнік зашматслоўны, але гэтая дыскусійнасць зноў жа з гістарычнымі, перадусім скарынаўскімі каранямі. Яна, можна сказаць, канфліктная і расшырала эмацыянальны дыяпазон прозы з доляй іроніі, толькі што не вельмі гнеўнай, сярэднявечнай, якая ўжо ў чымсьці перадасветніцкая. Такія эпісталярныя пасажы несумненна былі на шляху да прозы ў яе перш за ўсё мемуарным варыянце.

Як чалавек сярэднявечча Ф.Кміта ідэалізуе маскоўскага самадзержца Івана Грознага. Яшчэ ў лісце ад 13 сакавіка 1574 года ён з павагай расказваў пра яго мудрасць, з якою той прымаў Даўлет Гірэя, пасла крымскага хана. Цар, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, сеў “на местцу своем государском”, перад сабою паставіў слуг з сякерамі, а сына, у такім жа адзенні, пасадзіў побач з сабою. Калі з’явіўся Даўлет Гірэй і сказаў Грознаму, што чакае хан вяртання Казані і Астрахані і каб з кожнага свайго чалавека цар даў хану па грыўне, то стане тады з Крымам мір на вякі, а калі такога не зробіць, то будуць у рускай дзяржаве летам госці, і ў напамінак пасол падаў Грознаму “голый нож”, знак вайны. На што самадзержца адказаў: “Цар, де господар твой, просит мене о дань, ино, де, нечего дати – он мене всего сам ограбил, а то ты, посол его, видиш, в чом я тепер сежу и ничого не маю, а што маю, то посылаю”.

Знялши, де, тот з себе бараний шлык, а з сына такий же другий, и тому послу дал.

“А што, де, мне упоминается о царства мои, тому, де, быти не мощно. А обещкается, де, ко мне на лето бысть гостем, я, де, его жду и браги, де, дополна навару. А послал мне через тебе, посла своего, нож, а я ему посылаю топор”. Падаючы рускага цара хітрым, заступнікам сваіх царстваў (не тое што Генрых Валуа) і сваіх падданых Ф.Кміта вырашаў дзве задачы: па-першае, ён выконваў абавязкі рэзідэнта-інфарматара; па-другое, гэтай інфармацыяй імкнуўся зрабіць Яўстафія Валовіча прыхільнікам тых, хто хацеў бачыць Івана Грознага на каралеўскім троне Рэчы Паспалітай. І па-трэцяе, Ф.Кміта не быў у Братошыне, не чуў ні слоў Даўлет Гірэя, ні самога цара, а запісаў іх ад слугі віленскага мешчаніна Лукаша Мамоніча Аляксея. Запісаў ёмка, выразна, быццам усё жыццё займаўся літаратурнай творчасцю, а не дачаснай службовай перапіскай. Такім чынам Ф.Кміта-Чарнабыльскі выяўляе сабе валадаром жывапіснага слова ў перадачы простай мовы няўласна-простай, а ў вуснах рускага цара спростанародненай (гэтае “де”, “да”). Зноў жа ўсё гэта знак набрыняцця прозы, каранаванне яе ў эпісталярнай форме карцінным пачаткам, ігрою сімвалаў і іранічнасцю.

У гэтай сувязі ізноў успомнім летапіснае апавяданне пра паход князя Альгерда на Маскву з “Хронікі Быхаўца”, асабліва яго зачын. Ф.Кміта і невядомы летапісец практычна ідэнтычныя ў перадачы слоўных дэталяў перамоваў, у скарыстанні дыялога і сімвалічных знакаў вайны і міру. Тут аршанскі стараста ўжо не толькі інфарматар, а сапраўды выдатны апавядальнік, <

Последнее изменение этой страницы: 2016-08-11

lectmania.ru. Все права принадлежат авторам данных материалов. В случае нарушения авторского права напишите нам сюда...